16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Венесуэла не толькі рэалізуюць ранейшыя дамоўленасці, але і выйдуць на новыя. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам, міністрам планавання Венесуэлы Рыкарда Менендэсам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Венесуэла заўсёды займала і прадаўжае займаць асаблівае месца ў нашых знешнепалітычных, знешнеэканамічных інтарэсах. У нас ёсць дзве вялікія каштоўнасці. Першая - гэта дружба паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў, а другая - дружба паміж народамі. Гэта вельмі вялікі здабытак. Важна цяпер у гэты складаны час геапалітычнай напружанасці, сусветнай турбулентнасці захаваць гэту атмасферу дружбы, даверу і ўзаемадапамогі", - сказаў Раман Галоўчанка.
Абедзве краіны знаходзяцца пад сур'ёзным націскам знешніх незаконных санкцый. "Гэтыя інструменты націску не маюць ніякага дачынення ні да інтарэсаў дэмакратыі, ні да правоў чалавека, ні да нечага яшчэ, чым фальшыва прыкрываюцца заходнія лідары. Іх мэта адна - падпарадкаваць тыя краіны і народы, якія асмельваюцца праводзіць незалежны курс як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
"Сёння Прэзідэнт Венесуэлы, нягледзячы на занятасць у сувязі з завяршальным этапам выбарчай кампаніі, вельмі адназначна сказаў аб тым, што Беларусь і Венесуэла абавязкова рэалізуюць не толькі ўсе ранейшыя дамоўленасці, але і выйдуць на новыя", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Ён нагадаў, што ў сумесным багажы дзвюх краін - рэалізацыя знакавых для Венесуэлы праектаў у будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ваенна-тэхнічнай сферы, рэалізацыя якіх была пачата яшчэ пры Уга Чавесе.
"На жаль, некаторыя з іх у апошнія гады былі пастаўлены на паўзу з-за комплексу прычын. Таму адна з галоўных мэт візіту нашай дэлегацыі - знайсці механізмы, якія дазволілі б перазапусціць гэтыя важнейшыя для венесуэльскай эканомікі праекты. Мы лічым іх важнай спадчынай камандантэ Уга Чавеса. Цяперашні Пэзідэнт Нікалас Мадура таксама вельмі добра іх ведае, таму што з першага дня прымаў удзел у іх адпрацоўцы ў якасці міністра замежных спраў Венесуэлы", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Калі па нейкіх прычынах ранейшая мадэль іх рэалізацыі, у першую чаргу фінансавая, працаваць не можа, трэба знайсці іншую, дадаў ён.
"Мы сёння ўжо абмеркавалі магчымасць нарошчвання аб'ёмаў паставак тавараў, прычым узаемных. У Беларусі таксама зацікаўлены ў венесуэльскіх таварах, нас вельмі цікавяць ваша брыкетаванае жалеза, алюміній, кава, какава-бабы і гэтак далей. І мы гатовы прапанаваць тую тэхніку і тыя тавары, якія патрэбны Венесуэле", - зрабіў акцэнт Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр Беларусі пасля афіцыйнага візіту ў Венесуэлу накіруецца на Кубу і ў Нікарагуа. Задача ўрадавай дэлегацыі - развіццё супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі.