20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фізічны пуск другога энергаблока БелАЭС плануецца восенню. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч падчас маладзёжнага форуму ProAtom, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Работы на другім энергаблоку вядуцца ў адпаведнасці з графікам. Агульная будаўнічая гатоўнасць - 85 працэнтаў. У красавіку на пляцоўку БелАЭС дастаўлены цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам для загрузкі ў другі рэактар. Цяпер яно знаходзіцца ў спецыяльным сховішчы, восенню плануецца загрузка паліва ў актыўную зону рэактарнай устаноўкі. Гэта будзе чарговы важны этап - так званы фізічны пуск", - расказаў Віктар Каранкевіч.
Ён таксама адзначыў, што цяпер на першым энергаблоку БелАЭС праходзіць комплекснае апрабаванне абсталявання энергаблока на намінальнай магутнасці рэактарнай устаноўкі. Яго працягласць - 15 сутак. Гэта завяршальны этап доследна-прамысловай эксплуатацыі.
"На БелАЭС ужо атрымана каля 2,3 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што прыкладна супастаўна з гадавым аб'ёмам спажывання такога буйнога аб'екта, як Беларускі металургічны завод, або з гадавым спажываннем насельніцтва дзвюх абласцей", - дадаў міністр. Пасля поўнага ўводу БелАЭС зможа атрымліваць каля 18,5 млрд кВт.гадз за год, што забяспечыць каля 40 працэнтаў патрэбнасці краіны ў электраэнергіі.
Паводле яго слоў, адна з асноўных задач у гэтай пяцігодцы - павелічэнне электраспажывання. "Усе неабходныя ўмовы створаны адносна рэальнага сектара ў частцы рэалізацыі комплексу мер, зацверджанага на ўзроўні ўрада. У планах павелічэнне электраспажывання насельніцтвам, у першую чаргу для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння, выкарыстанне электраэнергіі ў самой энергасістэме ў частцы вытворчасці цяпла на электракатлах для ацяплення вялікіх населеных пунктаў. Да 2025 года мы плануем выйсці на 44 млрд кВт.гадз электраспажывання ў цэлым па краіне", - праінфармаваў Віктар Каранкевіч.
"Не маючы вялікіх запасаў карысных выкапняў, наша краіна зрабіла стаўку на развіццё атамнай энергетыкі, якая мае вялікі інавацыйны і вытворча-тэхналагічны патэнцыял. Час паказаў - гэта быў правільны выбар. Ва ўмовах нестабільнасці на сусветных сыравінных рынках пытанне доступу да надзейнай экалагічнай эканамічна выгаднай крыніцы электраэнергіі ў многіх дзяржавах стала прыярытэтным. На сёння ў 34 краінах свету размешчана 444 атамныя рэактары агульнай устаноўленай магутнасцю каля 400 ГВт. Амаль 17 працэнтаў вытворчасці электраэнергіі ў свеце прыпадае на долю АЭС. Паводле прагнозаў міжнародных даследчых цэнтраў, колькасць атамных электрастанцый прадоўжыць расці", - звярнуў увагу міністр.
Для будаўніцтва Беларускай АЭС выбраны расійскі праект "АЭС-2006" новага пакалення 3+. "Ён адпавядае самым высокім міжнародным патрабаванням і рэкамендацыям МАГАТЭ і вызначаецца павышанымі характарыстыкамі бяспекі. Атамная станцыя будуецца ў Беларусі мінімум на 60 гадоў, а з улікам практыкі прадаўжэння тэрмінаў эксплуатацыі - да 100 гадоў", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.
Пытанні падрыхтоўкі кадраў для атамнай энергетыкі абмяркоўваюцца сёння на пляцоўцы маладзёжнага форуму ProAtom. "Для нас самае важнае - данесці да моладзі актуальную інфармацыю адносна будаўніцтва БелАЭС, расказаць пра перспектывы для рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. Сёння тут сабраліся амаль 400 студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа і сталічных школ. Многія з іх плануюць ужо звязаць сваё жыццё з атамнай энергетыкай або сумежнымі напрамкамі. Многіх цікавяць перспектывы працаўладкавання на БелАЭС, умовы працы, магчымасці павышэння кваліфікацыі. Пляцоўка форуму - унікальная магчымасць атрымаць адказы на гэтыя пытанні ад прадстаўнікоў БелАЭС, дзяржкарпарацыі "Расатам", ДВА "Белэнерга", міністэрстваў і ведамстваў, дзейнасць якіх звязана з атамнай энергетыкай", - адзначыў міністр.
Арганізатарам форуму выступае Міністэрства энергетыкі сумесна з ДВА "Белэнерга", дзяржкарпарацыяй "Расатам" і Беларускай атамнай электрастанцыяй пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі.