9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі форум Spotlight into Belarus, прысвечаны магчымасцям інвестыцыйнага і дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ, 9 лістапада адбыўся ў Дубаі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў ААЭ.
У форуме ад беларускага боку прынялі ўдзел прадстаўнікі звыш 20 кампаній розных сфер дзейнасці, ад эмірацкага - каля 60 дзелавых прадстаўнікоў з розных сфер вытворчасці, гандлю і інвестыцый, прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства эканомікі ААЭ і арганізацыі Dubai Exports.
З уступным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах Андрэй Лучанок. У ходзе форуму беларускія прадстаўнікі азнаёмілі ўдзельнікаў з магчымасцямі дзелавога і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ, умовамі вядзення бізнесу і інвесціравання ў Беларусі.
На палях гэтага мерапрыемства таксама прайшлі дзелавыя перагаворы па пытаннях гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ. Форум праведзены пры арганізацыйнай падтрымцы пасольства і генеральнага консульства Беларусі ў Дубаі, Мінскага аддзялення БелГПП, Нацыянальнага агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі і арганізацыі EurAsia Gulf.