20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод укараняе сістэму беражлівасці 5S. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік бюро кіравання якасцю і ўзаемадзеяння з пастаўшчыкамі ММЗ Аляксандр Сорва.
Старадаўняя японская філасофія кайдзэн факусіруецца на бесперапынным практычным удасканаленні працэсаў вытворчасці, распрацоўкі і кіравання. Пяць асноўных крокаў практычнай філасофіі - акуратнасць, парадак, чыстата, стандартызаванне, дысцыпліна - актыўна ўкараняюцца на Мінскім маторным заводзе.
"Сістэма 5S простая ў разуменні, але патрабуе значнага пераўладкавання вытворчага працэсу, вынікам якога стане беражлівая вытворчасць на ўсіх этапах. Яе ўкараненне павялічыць прадукцыйнасць працы і істотна ўдасканаліць вытворчы працэс за кошт рацыянальнай арганізацыі рабочых месцаў, паляпшэння якасці працы, дасць магчымасць эканоміць рабочы час і павысіць карпаратыўную культуру. Дзеянне сістэмы паэтапна распаўсюджваецца на асноўныя і дапаможныя цэхі прадпрыемства", - сказаў Аляксандр Сорва.
Упершыню сістэма 5S была ўкаранёна ў Японіі ў сярэдзіне 50-х гадоў XX стагоддзя, аднак яе ідэі атрымалі шырокае распаўсюджванне ва ўсім свеце. Прызнанне неаспрэчных заслуг яна атрымала пасля яе прымянення кампаніяй "Таёта".
"Сістэма беражлівай вытворчасці Мінскага маторнага завода ўключае пяць крокаў: сартуй, захоўвай парадак, трымай у чыстаце, стандартызуй і ўдасканальвай. Гэта прадугледжвае строга вызначанае размяшчэнне прадметаў і рабочых зон, ліквідацыю ўсяго непатрэбнага, разлік неабходных для выканання абавязкаў рухаў і выключэнне лішніх. Па магчымасці дзеянні на рабочых месцах і іх арганізацыя павінны быць настолькі стандартызаваны, з выкарыстаннем сістэмы візуальных падказак, каб любы новы спецыяліст мог хутка ўключыцца ў дзейнасць, не зведваючы праблем з навучаннем", - адзначыў спецыяліст.
Начальнік бюро расказаў, што задача ўкаранення на прадпрыемстве сістэмы 5S пачалася ў канцы мінулага года з канкрэтнай рэалізацыі палажэнняў распрацаванага ўнутрызаводскага стандарту. Таксама было праведзена двухэтапнае навучанне кіраўнікоў і спецыялістаў. Для рэалізацыі пілотнага праекта быў выбраны ўчастак чыгунных і дробных дэталей цэха малых серый, з якога і пачалася абкатка прымянення сістэмы на прадпрыемстве. Працэс курыруе служба якасці ММЗ.
"Укараненне 5S пачалося з правядзення ацэнкі і аналізу стану рабочых месцаў на вытворчасці. Даследаваны ўсе рабочыя месцы, складзены спісы неабходнага абсталявання і інструментаў для іх упарадкавання. З дапамогай каляровай разметкі строга размяжоўваюцца зоны гатовай прадукцыі, дэфектнай, міжаперацыйнага задзелу, праходу. Для рацыяналізацыі маршруту руху вырабаў можа спатрэбіцца перастаноўка станка або ўстаноўкі. Адзін з крокаў - кампанія "чырвоных ярлыкоў", калі ўсе прадметы, не задзейнічаныя ў працэсе вытворчасці, ліквідуюцца з вытворчага ўчастка", - растлумачыў Аляксандр Сорва.
Паводле яго слоў, гаворачы аб 5S, мы ў першую чаргу гаворым аб змене мыслення і зваротнай сувязі з рабочымі. "Яны павінны разумець, што ўкараненне 5S прывядзе да павышэння іх камфорту на працягу працоўнага дня, калі ўсе лішнія, адцягваючыя фактары будуць ліквідаваны, а ўсё неабходнае будзе пад рукой. У далейшым тыя напрацоўкі, якія будуць атрыманы ў працэсе рэалізацыі пілотнага праекта, распаўсюдзяцца на ўсе ўчасткі і цэхі вялікай вытворчасці з улікам спецыфікі кожнай", - канстатаваў начальнік бюро кіравання якасцю і ўзаемадзеяння з пастаўшчыкамі.
Ён адзначыў, што працэс укаранення 5S працяглы, пакрокавы і можа заняць не адзін год. "Фактычна элементы 5S прымяняліся даўно без прывязкі да канкрэтнай сістэмы. Але цяпер яна будзе ўкараняцца комплексна і ўдасканальвацца па ўсіх напрамках дзейнасці, адпавядаць вядучым сусветным вытворчасцям", - дадаў спецыяліст.
Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і лесаўборачную тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў у Беларусі, краінах СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.