29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Fitch Ratings павысіла доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту эмітэнта Беларусі ў замежнай і нацыянальнай валюце да ўзроўню "B" з "B-" з прагнозам "стабільны". Такія даныя прыведзены ў прэс-рэлізе агенцтва, паведамляе БЕЛТА.
У якасці ключавога фактару, які паўплываў на павышэнне рэйтынгу, Fitch вылучае зніжэнне рызык рэфінансавання ў выніку папераджальных пазык урада і нарошчвання золатавалютных рэзерваў.
У сувязі з гэтым патрэбнасць у пагашэнні знешняга доўгу ў замежнай валюце ў памеры Br2,6 млрд будзе пакрыта шляхам прыцягнення знешняга фінансавання ад міжнародных арганізацый, пазык на ўнутраным рынку і выкарыстання накопленых міжнародных рэзерваў.
Патрэбнасць Беларусі ў знешнім фінансаванні (дэфіцыт бягучага рахунку з улікам пагашэння сярэдне- і доўгатэрміновага доўгу), паводле ацэнкі Fitch, істотна зменшылася. Калі ў 2014 годзе патрэбнасць ацэньвалася на ўзроўні 223 працэнты ад узроўню міжнародных рэзерваў, то цяпер яна складае ўсяго 101 працэнт.
Устойлівасць зніжэння рызык рэфінансавання будзе залежаць ад захавання прагрэсу ў дыверсіфікацыі крыніц знешняга фінансавання.
У якасці яшчэ аднаго фактару павышэння рэйтынгу Fitch адзначае паляпшэнне каардынацыі паміж падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкамі, павышэнне гібкасці абменнага курсу, падтрыманае значнымі поспехамі ў зніжэнні інфляцыі. Дэфіцыт бягучага рахунку застаецца пад кантролем.
У дынаміцы рэйтынгу таксама ўлічаны паляпшэнні ўмоў гандлю, рызыкі фінансавага сектара, стан дзяржаўнага бюджэту і перспектывы эканамічнага росту.