19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эталоны ў галіне атамнай энергетыкі і ІТ створаць у Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарту.
Цяпер сфарміраваны праект дзяржпраграмы "Эталоны Беларусі" на 2016-2020 гады, які ўключае ў сябе некалькі блокаў. Адзін з іх - развіццё атамнай энергетыкі і звязаных з ёй тэхналогій, у тым ліку стварэнне эталонаў, якія адносяцца да дазіметрыі, шчыльнасці патокаў электронаў, напружанасці электрычных і магнітных палёў.
Для развіцця беларускай інфраструктуры ў сферы ІТ, электроннай дыверсіфікацыі, абароны інфармацыі будуць стварацца эталоны, якія датычацца якасці перадаваемай інфармацыі праз інтэрнэт. Для забеспячэння высокадакладнымі вымярэннямі розных галін прамысловасці, будаўніцтва і сельскай гаспадаркі, стварэння новых матэрыялаў будуць створаны нацыянальныя эталоны адзінак цвёрдасці, адзінкі ціску, адзінкі цеплавога патоку і спатрэбіцца мадэрнізацыя эталона адзінкі масы.
Для кантролю якасці паліўна-энергетычных рэсурсаў, зніжэння паліўнай і энергетычнай залежнасці Беларусі ад знешніх крыніц запланавана стварэнне эталонаў у галіне рэсурса- і энергазберажэння. Увага будзе ўдзяляцца пытанням нацыянальнай бяспекі, абароне ад надзвычайных сітуацый і геадэзіі. "У гэтай рабоце трэба асабліва адзначыць распрацоўку эталона адзінкі даўжыні - метра ў галіне вялікіх даўжынь. У рэспубліцы няма такога эталона, а без гэтага займацца геадэзіяй і GPS-навігацыяй практычна немагчыма", - адзначылі ў прэс-службе.
Што датычыцца сацыяльнай сферы, то будуць прадоўжаны работы па стварэнні эталонаў, якія даюць магчымасць павысіць якасць медпаслуг і забяспечыць неабходныя ўмовы для ацэнкі якасці асяроддзя пражывання. У галіне прамысловых тэхналогій праведзены работы, звязаныя са стварэннем эталонаў адноснай вільготнасці і тэмпературы кропкі расы, яны адпавядаюць патрэбнасцям як сельскай гаспадаркі, так і вытворцаў харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Паводле інфармацыі прэс-службы, у Беларусі штогод ствараецца 4-6 эталонаў. Цяпер эталонная база ўключае 53 дзяржаўныя эталоны.
Беларускія метролагі 20 мая разам з сусветнай метралагічнай супольнасцю адзначаюць Сусветны дзень метралогіі. Свята прымеркавана да даты падпісання Метрычнай канвенцыі, якая азнаменавала новую эру ў сусветнай метралогіі і на працягу больш як 140 гадоў садзейнічала развіццю навуковых, эканамічных і культурных сувязей ва ўсім свеце. Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Метрычнай канвенцыі, што дае магчымасць прымяняць у краіне міжнародную сістэму вымярэнняў.