13 верасня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Еўрапейскі саюз праз Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліць 6 млн еўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Адпаведнае пагадненне паміж ЕС і ЕБРР падпісана сёння ў Міністэрстве эканомікі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пагадненне падпісана па выніках сустрэчы міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці.
Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў важнасць падпісання дакумента для Беларусі. Яго рэалізацыя будзе садзейнічаць павышэнню канкурэнтаздольнасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, умацаванню патэнцыялу, павелічэнню іх укладу ў эканамічны рост краіны, стварэнню новых рабочых месц і дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі.
Міністр канстатаваў, што агульны аб'ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых ЕБРР з моманту афармлення членства Беларусі ў банку, складае амаль 2 млрд еўра. Пры падтрымцы ЕБРР рэалізаваны знакавыя інвестыцыйныя праекты ў прыватным сектары, напрыклад, уведзены ў эксплуатацыю заводы "Штадлер", "Кранаспан".
У 2016 годзе Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця прынята новая Стратэгія для Беларусі на 2016-2019 гады, якой зняты абмежаванні па рабоце ў дзяржаўным сектары. Міністр эканомікі выказаў надзею, што ў адпаведнасці са стратэгіяй удасца рэалізаваць новыя значныя праекты, у тым ліку ў дзяржсектары.
Уладзімір Зіноўскі з задавальненнем адзначыў, што цяпер з удзелам ЕБРР на розных стадыях рэалізацыі знаходзяцца праекты ў фінансавай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, транспартнай інфраструктуры. У прыватнасці, вядзецца актыўная работа над падрыхтоўкай і рэалізацыяй пілотнага праекта дзяржаўна-прыватнага партнёрства па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі М10.
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын таксама адзначыла важнасць падпісання пагаднення. "На наступныя 4 гады прадаўжаецца праграма падтрымкі, кансультавання малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Як вядома, Еўрапейскі саюз з'яўляецца буйнейшым акцыянерам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Мы дзейнічаем з дапамогай гэтага банка ў Беларусі, карыстаючыся яго экспертным патэнцыялам, добрымі традыцыямі супрацоўніцтва з краінай. Мы падтрымліваем прыватны сектар і дапамагаем развіццю Беларусі ў цэлым", - сказала яна.
У сваю чаргу Сума Чакрабарці падкрэсліў эфектыўнае трохбаковае супрацоўніцтва ЕС, ЕБРР і Беларусі. "Праграма накіравана на падтрымку малога бізнесу, а малы бізнес - гэта аснова эканамічнага развіцця любой краіны, гэта тая дзейнасць, якая неабходна для дэманстрацыі прыхільнасці Беларусі да эканамічных пераўтварэнняў, і мы рады таму, што прадаўжаем у гэтым удзельнічаць", - рэзюмаваў ён.