16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праекты па падтрымцы прадпрымальніцтва ў Барысаўскім, Браслаўскім і Хойніцкім раёнах сталі пераможцамі дадатковага конкурсу ў час праекта "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Беларусі". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ПРААН у Беларусі.
Так, у Барысаўскім раёне плануюць стварыць рэгіянальны тэхнапарк "Інката-Бор", які будзе прадастаўляць прадпрымальнікам адукацыйныя, інжынірынгавыя і кансалтынгавыя паслугі. Чакаецца, што да завяршэння ініцыятывы ў 2021 годзе ў тэхнапарку будзе зарэгістравана не менш як 16 рэзідэнтаў, агульная колькасць работнікаў складзе 28 чалавек. Аб'ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі будзе амаль $1,3 млн.
У Браслаўскім раёне створаць цэнтр падтрымкі прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі і аграэкатурызмам. Бізнесменам прапануюць гатовыя рашэнні і практычныя інструменты для стварэння і развіцця бізнесу ў сельскіх рэгіёнах. Чакаецца, што ў раёне з'явяцца бізнес-навігатар (адзіная інтэрактыўная карта) і бізнес-школа (платформа, што прапануе навучальныя мерапрыемствы па стварэнні і развіцці бізнесу). На базе цэнтра будзе арганізавана не менш як 50 рабочых месцаў, а колькасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў павялічыцца не менш як на 15 працэнтаў.
Бізнес-цэнтр "Трамплін" з'явіцца ў Хойніцкім раёне. Ён прадставіць серыю бізнес-трэнінгаў для пачынаючых прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў бізнесу, самазанятых, моладзі, жанчын. Больш за 90 мясцовых жыхароў павысяць свае кампетэнцыі ў бізнес-планаванні, лічбавізацыі бізнесу, развіцці бізнес-партнёрства і выхадзе на новыя рынкі. 15 кампаній і 80 прадпрымальнікаў атрымаюць адрасную дапамогу ў развіцці ўласнай справы: юрыдычнае і бухгалтарскае суправаджэнне, стварэнне сайта.
Агульны бюджэт падтрымкі для трох ініцыятыў складзе $250 тыс. Іх рэалізацыя дапаможа мясцоваму бізнесу эфектыўна рэагаваць на змяненні эканамічных умоў, выкліканых надзвычайнымі сітуацыямі, як у выпадку з COVID-19. Акрамя таго, новыя ініцыятывы будуць садзейнічаць стварэнню рабочых месцаў, павышэнню ўстойлівасці бізнесу і павелічэнню колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
Усяго да ўдзелу ў дадатковым конкурсе была прадстаўлена 31 заяўка з шасці пілотных раёнаў праекта. Да разгляду былі прыняты 29 заявак.
Праект "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Беларусі" фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.