5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі саюз падтрымае праекты па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання энергіі і прыродных рэсурсаў у Беларусі. Гэта прадугледжана фінансавым пагадненнем "EU4Belarus: Механізм рэсурсаэфектыўнасці для Беларусі", паведамілі БЕЛТА ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі.
Бюджэт новай сумеснай праграмы супрацоўніцтва складае 15 млн еўра. Пілотнымі для яе стануць Брэсцкая і Гродзенская вобласці.
Праграма дапаможа распрацаваць меры па распаўсюджанні інвестыцыйнай дзейнасці, што прадугледжвае эканомію энергіі, больш эфектыўнае кіраванне рэсурсамі, мадэрнізацыю муніцыпальнай і прыватнай інфраструктуры.
Еўрапейскі саюз таксама будзе падтрымліваць дыялог па пытаннях дзяржаўнай палітыкі, каардынацыю і ўзаемадзеянне паміж ключавымі зацікаўленымі бакамі ў гэтай галіне (дзяржаўнымі ведамствамі, мясцовай адміністрацыяй і грамадзянскай супольнасцю), патэнцыяльнымі інвестарамі і іншымі ігракамі.