20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі інвестыцыйны банк падпісаў сёння з Беларуссю першыя пагадненні на 160 млн еўра, паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт ЕІБ Аляксандр Стуб пасля цырымоніі падпісання ва ўрадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы падпісалі дакументы сумарна на 160 млн еўра. Першы напрамак - значны праект з "Мінскводаканалам" (па рэканструкцыі Мінскай ачышчальнай станцыі. - Заўвага БЕЛТА), які павысіць якасць жыцця прыкладна 2 млн чалавек. Другі напрамак - падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў праз беларускія банкі. Як нам здаецца, гэта дапаможа стварыць больш за 2,5 тыс. рабочых месцаў", - расказаў Аляксандр Стуб.
Падпісаны дагавор аб фінансаванні паміж Беларуссю і ЕІБ прадугледжвае накіраванне сродкаў на рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі. Суфінансаваць праект будзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, адпаведнае пагадненне таксама падпісана сёння ва ўрадзе. Яшчэ два крэдытныя пагадненні ЕІБ заключыў з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам, якія накіруюць гэтыя сродкі на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу.
"Сённяшнія падпісанні - толькі пачатак больш цеснага супрацоўніцтва. Тым самым мы прыадкрываем дзверы да таго, каб актыўна ўдзельнічаць у мадэрнізацыі і развіцці беларускай эканомікі, і я вельмі рады гэтай магчымасці", - падкрэсліў Аляксандр Стуб.
Падпісаныя дакументы сталі практычнай рэалізацыяй рамачнага пагаднення Беларусі з ЕІБ, заключанага ў 2017 годзе. Паводле слоў віцэ-прэзідэнта ЕІБ, да падпісання ў хуткім часе рыхтуюцца іншыя дакументы. "На даволі высокім узроўні прапрацоўкі знаходзіцца праект па аўтадарозе М7. Ёсць шэраг іншых цікавых тэм, якія цяпер разглядаюцца і ацэньваюцца", - дадаў ён.
Гаворачы ў цэлым аб дзейнасці ЕІБ, віцэ-прэзідэнт адзначыў работу па чатырох асноўных напрамках - малыя і сярэднія прадпрыемствы, інавацыі, змяненне клімату і інфраструктурныя праекты. Лімітаў крэдытавання няма, у сярэднім банк інвесціруе штогод каля 80 млрд еўра, арыентуючыся на важнейшыя прыярытэтныя напрамкі.
ЕІБ - адзін з буйнейшых у свеце шматбаковых інвестыцыйных банкаў. Створаны ў 1958 годзе, штаб-кватэра знаходзіцца ў Люксембургу. Акцыянерны капітал сфарміраваны 28 краінамі - членамі Еўрасаюза. Каля 90 працэнтаў праектаў ЕІБ рэалізуе ўнутры ЕС, 10 працэнтаў - за яго межамі.