Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

24 Жнв 2023

Энергетыка, прамкааперацыя, харчовая бяспека. Галоўчанка назваў прыярытэты развіцця ЕАЭС

Энергетыка, прамкааперацыя, харчовая бяспека. Галоўчанка назваў прыярытэты развіцця ЕАЭС

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка назваў прыярытэты развіцця ЕАЭС у час пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў Ерэване, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларускі бок падтрымлівае ініцыятыву аб пачатку работы над сярэднетэрміновай перспектывай развіцця ЕАЭС, уключаючы выкладанне адпаведных падыходаў у форме прапанаванай расійскім бокам дэкларацыі. Скажу некалькі слоў аб тых прыярытэтах, тых блоках, якія мы лічым важным адлюстраваць у дэкларацыі. Першае - гэта энергетыка. Краіны ЕАЭС маюць значныя запасы паліўна-энергетычных рэсурсаў. Хоць работа па агульных рынках энергарэсурсаў знаходзіцца ў актыўнай фазе, да гэтага часу застаюцца неўрэгуляванымі некаторыя пытанні, ад якіх залежыць далейшае развіццё энергаблока ЕАЭС", - сказаў Раман Галоўчанка.

Другое - тэхналагічны суверэнітэт і прамысловая кааперацыя. "Супрацоўніцтва ў прамысловай сферы беларускі бок заўсёды вылучаў у якасці прыярытэтнай задачы інтэграцыі. Неабходны мэтанакіраваныя дзеянні па пашырэнні прамысловай кааперацыі, забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту, трансферы тэхналогій, вызначэнні і развіцці спецыялізацыі краін у апрацоўчай прамысловасці. У гэтым, безумоўна, будучыня. Той рост у апрацоўчай прамысловасці, які цяпер адбываецца, толькі пацвярджае мае словы", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"На нашу думку, рэальная рэалізацыя такіх напрамкаў, як мікраэлектроніка, машынабудаванне, станкабудаванне, фармацэўтыка, вытворчасць медабсталявання і гэтак далей, пакуль буксуе. Без асэнсаванага руху ў гэтым напрамку нам будзе вельмі складана выйсці за рамкі няхай паспяховага, але ўсё ж гандлёвага саюза. З гэтым жа блокам спалучана і сумесная навукова-даследчая і доследна-канструктарская работа, пашырэнне ўзаемадзеяння ў сферы новых тэхналогій. Штучны інтэлект, новыя адукацыйныя стандарты, інавацыйнае супрацоўніцтва - усё гэта павінна стаць рэальным напрамкам развіцця саюза. І пры гэтым падмацоўвацца распрацоўкай сумесных прагнозаў навукова-тэхналагічнага развіцця. Трэба аб'яднаць патэнцыял і рэалізоўваць рэальныя навуковыя і навукова-тэхнічныя праекты", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Трэці блок - харчовая бяспека. Як адзначыў Раман Галоўчанка, у краін ЕАЭС даволі высокі ўзровень самазабяспечанасці сельскагаспадарчымі і харчовымі рэсурсамі, але і тут ёсць над чым працаваць. "Для ўсіх агульны выклік - гэта пэўная залежнасць ад імпартнага насеннага і племяннога матэрыялу. Гэта канкрэтная задача, за якую трэба ўзяцца і на справе прадэманстраваць нашы сумесныя поспехі. Лічу, што важнейшай задачай на сярэднетэрміновую перспектыву з'яўляецца замяшчэнне замежнага генетычнага матэрыялу. Гэта задача ў цяперашніх умовах ператвараецца ў пытанне нацыянальнай бяспекі. Таму лічу, што арыенцірам у гэтай рабоце мы можам для сябе паставіць выхад, напрыклад, да 2030 года на пэўны парог самазабяспечанасці насенным і племянным матэрыялам. Трэба прыняць гэту задачу да выканання і вызначыць парадак дзеянняў. Патэнцыял ёсць абсалютна ва ўсіх краін. Мы вывучылі гэта пытанне даволі глыбока і ведаем, што ў кожнай з нашых дзяржаў ёсць адпаведныя навуковыя ўстановы, навукова-практычныя цэнтры і гэтак далей. Але сінергіі пакуль недастаткова", - звярнуў увагу ён.

Чацвёртае - транспартная інфраструктура. У ЕАЭС вызначаны пералік прыярытэтных інфраструктурных праектаў, накіраваных на развіццё транзітнага патэнцыялу. "Мы бачым, як шмат увагі ўдзяляецца гэтай сферы на нацыянальным узроўні. Гэта і калідоры Усход - Захад, Поўнач - Поўдзень, Транскаспійскі міжнародны транспартны маршрут, кітайская ініцыятыва "Адзін пояс, адзін шлях". Але паўстае пытанне аб крыніцах фінансавання гэтых праектаў: ці будзе гэта толькі на нацыянальным узроўні або мы будзем спалучаць свае рэсурсы? Мы адшукалі крыніцы частковага фінансавання прамысловых праектаў, але пакуль няма іх пераліку. А тут сітуацыя адваротная. Мы зацвердзілі пералік інфраструктурных праектаў, але пакуль няма рашэння аб спосабах іх фінансавання. Тут трэба задзейнічаць патэнцыял нашых адносін у ЕАЭС, а таксама ШАС і БРІКС. У ШАС у мінулым годзе зацверджана канцэпцыя па стварэнні эфектыўных транспартных калідораў. Цалкам магчыма яе спалучэнне з транспартнымі інцыятывамі ЕАЭС", - абазначыў магчымасці прэм'ер-міністр.

Пяты блок - гэта фінансавы суверэнітэт і стабільнасць. "Фінансавы рынак саюза патрабуе дадатковай данастройкі. Гэта тэма цяпер набывае вельмі важнае значэнне", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі