31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эксперты ENSREG пачалі работу на пляцоўцы БелАЭС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
У складзе экспертнай групы - спецыялісты з Аўстрыі, Германіі, Украіны, Чэхіі, Швейцарыі, Грэцыі, Балгарыі, Фінляндыі. Узначальвае групу генеральны дырэктар Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Фінляндыі (STUK) Петэры Ційпана.
У час работы на пляцоўцы БелАЭС эксперты наведаюць тэхналагічныя аб'екты станцыі, у тым ліку аб'екты "ядзернага вострава" першага энергаблока, рэзервовую дызельную электрастанцыю, а таксама агульнастанцыйныя збудаванні, адміністрацыйныя і дапаможныя карпусы другога энергаблока.
Візіт экспертаў ENSREG на БелАЭС праходзіць у рамках другой фазы партнёрскага агляду нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў станцыі.