22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны консул Беларусі Андрэй Андрэеў прыняў удзел у міжнароднай выстаўцы харчовага абсталявання і інгрэдыентаў, якая праходзіць у Шанхаі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове.
Удзельнікам выстаўкі быў прадстаўлены экспартны і інвестыцыйны патэнцыял беларускага аграпрамысловага комплексу і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Адбыўся шэраг сустрэч і дзелавых перагавораў па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці харчовай прадукцыі для экспартнага і ўнутранага рынкаў.
З кітайскімі кампаніямі абмеркаваны пытанні рэалізацыі сумесных праектаў па выпуску харчовых інгрэдыентаў з выкарыстаннем беларускай сыравіны, а таксама высокатэхналагічнага абсталявання і камплектуючых у "Вялікім камені".
У міжнароднай выстаўцы харчовага абсталявання і інгрэдыентаў у Шанхаі прымаюць удзел больш як 1600 экспанентаў, колькасць кітайскіх і замежных гасцей мерапрыемства перавысіла 150 тыс.