7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускіх тавараў у Фінляндыю ў 2017 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2016-м на 18,2 працэнта і склаў $19,5 млн, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт канцэрна "Беллеспаперапрам".
З лютага 2017 года згодна з пастановай Савета Міністраў старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў вызначаны адказным за забеспячэнне нарошчвання аб'ёмаў і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг у Фінляндыю. Для рэалізацыі задач была сфарміравана рабочая група. Работа па нарошчванні экспарту праводзілася пры садзейнічанні беларускага пасольства ў Фінляндыі.
Аснову экспарту ў Фінляндыю ў студзені-снежні 2017 года склалі металапрадукцыя (больш за 33 працэнты ў агульным аб'ёме экспарту), лесаматэрыялы, перадатачныя механізмы машын, абсталявання, жаночае верхняе адзенне, пушніна. Усяго экспартуецца 16 найменняў тавараў.
У 2018 годзе ёсць усе перадумовы для нарошчвання экспарту ў Фінляндыю. Гэта павінна адбыцца за кошт павелічэння паставак угнаенняў (іх пачалі пастаўляць у Фінляндыю ў сярэдзіне 2017 года), а таксама пушніна-футравай сыравіны. Акрамя таго, прыярытэтнай пазіцыяй будзе металапрадукцыя.
Запланавана правядзенне мерапрыемстваў, якія будуць садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва Беларусі з Фінляндыяй. У прыватнасці, канцэрн "Беллеспаперапрам" паралельна з Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пачаў прапрацоўку візіту дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў у горад Саванліна для ўдзелу ў VI Беларуска-фінляндскім эканамічным форуме.