17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічны эфект ад работы першага энергаблока БелАЭС ацэньваецца ў памеры Br1 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час Дня электратранспарту ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) выпрацавана 9,3 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць 2,4 млрд куб.м прыроднага газу. Эканамічны эфект - каля Br1 млрд", - расказаў Віктар Каранкевіч.
Цяпер першы энергаблок знаходзіцца на планава-папераджальным рамонце - гэтыя работы праводзяцца на атамных станцыях штогод.
Дзень электратранспарту праводзіцца ўжо трэці год для папулярызацыі электрамабіляў як экалагічнага і эканамічнага віду транспарту, які садзейнічае фарміраванню камфортнага гарадскога асяроддзя. На гэты раз выстаўка разгарнулася на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. У ёй прымаюць удзел больш за 20 кампаній.
Гэта ўнікальная пляцоўка, дзе можна ўбачыць усе віды электратранспарту - ад легкавых і грузавых аўтамабіляў, электробусаў да электраматацыклаў і электравеласіпедаў. У склад выстаўкі таксама ўвайшлі новыя ўзоры электрагрузавіка, электрамінівэна, электраквадрацыкла айчыннай вытворчасці. Тут прадстаўлены і мікраэлектрамабіль для бюджэтных перавозак. Жадаючыя могуць даведацца аб развіцці сеткі зарадных станцый для электрамабіляў і перспектывах яе пашырэння.
Выстаўка сабрала шырокае кола ўдзельнікаў - прадстаўнікоў прамысловага комплексу, навуковых арганізацый, кампаній - імпарцёраў электрамабіляў. У іх ліку - "БКМ Холдынг", МАЗ, "Амкадор", "Беларуснафта", Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, мотавелазавод, "БЕЛДЖЫ", кампаніі Green cars, Tesla cars, Electro car, MultiMotors, Sidus Auto, Hello, Eleven, JET, E-power і іншыя.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства энергетыкі сумесна з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам "Вялікі камень" пры садзейнічанні Мінгарвыканкама.