21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) прагназуе прырост ВУП Беларусі на 2,6 працэнта ў 2018 годзе, інфляцыя складзе 6 працэнтаў. Аб гэтым гаворыцца ў штоквартальным макраэканамічным аглядзе, падрыхтаваным Групай галоўнага эканаміста ЕАБР, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры ЕАБР.
У банку канстатавалі, што ў 2017 годзе эканоміка краін - удзельніц ЕАБР адаптавалася да негатыўных знешніх умоў і выйшла на траекторыю дадатнага эканамічнага росту. Задача наступных некалькіх гадоў - больш устойлівы і высокі эканамічны рост эканомікі рэгіёна.
Аўтары даклада адзначаюць, што краіны ЕАБР дэманструюць дадатныя тэмпы росту па прычыне паляпшэння знешніх умоў, паступовага змякчэння манетарнай палітыкі і фіскальных стымулаў. Па выніках 2017 года прырост ВУП рэгіёна склаў 1,8 працэнта ў параўнанні з падзеннем на 0,1 працэнта ў 2016 годзе. Назіраецца аднаўленне ўзаемнага гандлю.
Пэўныя поспехі дэманструе манетарная палітыка, прадоўжылі ў прэс-цэнтры ЕАБР. Інфляцыя ў снежні 2017 года дасягнула рэкордна нізкіх узроўняў у Беларусі - 4,6 працэнта ў параўнанні са снежнем 2016 года.
Паводле прагнозаў аналітыкаў ЕАБР, на працягу 2018 года чакаюцца дадатныя тэмпы эканамічнага росту ў краінах - удзельніцах ЕАЭС і павелічэнне ВУП на 2,2 працэнта. Дасягнуты па выніках 2017 года рэкордна нізкі ўзровень інфляцыі (у цэлым па рэгіёне каля 3 працэнтаў) павялічыцца ў 2018 годзе да 4 працэнтаў, але будзе заставацца ў рамках мэтавых арыенціраў цэнтральных/нацыянальных банкаў.
"Эфектыўная работа бюджэтных правіл дасць магчымасць аслабіць залежнасць дынамікі намінальнага валютнага курса ад цэн на нафту ў вядучых эканоміках рэгіёна і будзе садзейнічаць стабілізацыі ўзаемных валютных курсаў краін - удзельніц ЕАБР", - адзначыў галоўны эканаміст ЕАБР Яраслаў Лісаволік.
Спецыяльны даклад да макраагляду прысвечаны ўзаемнаму гандлю краін - удзельніц ЕАЭС, адзначаецца рост намінальных аб'ёмаў, павышэнне дыверсіфікацыі структуры і зніжэнне сыравіннай накіраванасці. На думку аўтараў даклада, усё гэта сведчыць, што адзіны рынак тавараў і паслуг ЕАЭС пачынае даваць эканамічныя дывідэнды. Пры гэтым узаемнае эканамічнае супрацоўніцтва сканцэнтравана, перш за ўсё, на развіцці ўнутрыгаліновага гандлю, што дасць магчымасць яму стаць адным з драйвераў эканамічнага росту.
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.