13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На "Нафтан" пачала паступаць другая партыя нафты з Паўночнай Амерыкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Танкер з нафтай гатунку White Eagle Blend ("Белы арол"), спецыяльна распрацаванага ў якасці аналагу расійскага Urals для еўрапейскіх НПЗ, прыбыў у Клайпедскі порт 9 жніўня. Аб'ём танкера - 76 тыс. т. Сёння раніцай першы састаў з сыравінай прыйшоў на наваполацкае прадпрыемства. Плануецца, што поўнасцю ўся партыя будзе дастаўлена на "Нафтан" на працягу жніўня.
"Паступіўшая сыравіна ўяўляе сабой сумесь розных гатункаў. З улікам таго, што ў нашых спецыялістаў ёсць вопыт перапрацоўкі нафты з Венесуэлы, нарвежскай нафты Johan Sverdrup, нафты маркі Arab Light з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, а таксама амерыканскай нафты маркі Bakken, ускладненняў з перапрацоўкай новага гатунку не ўзнікне", - дадалі на НПЗ.