31 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Другі харвацка-беларускі эканамічны форум пройдзе 1-4 красавіка ў горадзе Вараждзін Рэспублікі Харватыя. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічным супрацоўніцтве Брэсцкага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Непша.
Мерапрыемства з'яўляецца працягам праведзенага ў лістападзе 2014 года ў Брэсце першага беларуска-харвацкага эканамічнага форуму і накіравана на развіццё і ўмацаванне двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Праграмай форуму прадугледжаны правядзенне кантактна-кааперацыйных бірж з харвацкімі бізнесменамі, сустрэчы з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, наведванне прадпрыемстваў і прамысловых зон.
Сёння для ўдзелу ў форуме на Балканскі паўвостраў адпраўляецца дэлегацыя дзелавых колаў Брэсцкай вобласці на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Андрэем Клецам. У складзе дэлегацыі таксама прадстаўнікі Брэсцкага гарвыканкама, адміністрацыі СЭЗ "Брэст", прадпрыемстваў вобласці. Так, з мэтай пошуку партнёраў у Харватыю накіроўваюцца кіраўнікі Пінскага завода штучных скур, Брэсцкіх заводаў бытавой хіміі і высакавольтнага абсталявання, ТАА "БелТрансОйл", абласной базы "Бакалея", салона прыгажосці "Імідж-салон" і іншых.
Дзяніс Непша адзначыў узаемную зацікаўленасць бакоў у супрацоўніцтве па самых розных напрамках. Гэта арганізацыя міжнародных перавозак, вытворчасць і продаж установак і абсталявання, сродкаў бытавой хіміі і біядабавак, касметычнай прадукцыі, дрэва- і металаапрацоўка, грамадзянскае будаўніцтва, нафтаперапрацоўка. Размова можа ісці аб стварэнні сумесных вытворчасцей, інвесціраванні ў вытворчасць, іншых варыянтах дзелавых кантактаў.
Паводле слоў субяседніка, першы беларуска-эканамічны форум надаў новы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву. Прадстаўнікі харвацкіх дзелавых колаў з канкрэтнымі прапановамі ўжо не менш як пяць разоў наведвалі вобласць. Па выніках форуму ў Брэсце зарэгістравана ПУП "Бернада Адрыя" - прадпрыемства па вытворчасці медыцынскіх матрацаў, якое цяпер праходзіць працэдуру сертыфікацыі. Вядуцца перагаворы з харвацкімі інвестарамі па будаўніцтве ў Брэсце канцэртна-выставачнай залы, устаноўцы паркінг-аўтаматаў. Харвацкія партнёры вывучаюць магчымасці будаўніцтва цагельнага завода ў Пружанскім раёне, адкрыцця вытворчасцей у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст".
"Пасля першага эканамічнага форуму работа з харвацкімі партнёрамі прадоўжылася на пастаяннай аснове", - адзначыў намеснік гендырэктара. Дзяніс Непша паведаміў, што ў Харватыі плануецца падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве паміж СЭЗ "Брэст" і свабоднай эканамічнай зонай горада Вараждзіна, а таксама паміж рэгіянальнымі аддзяленнямі гандлёва-прамысловых палат.