5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Доля краін далёкага замежжа ў экспарце БЕЛАЗа за студзень-ліпень склала больш за 41 працэнт, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Нягледзячы на складаную сітуацыю ў сусветнай горназдабыўной прамысловасці, ва ўмовах нестабільнасці рынкаў кар'ернай тэхнікі БелАЗ у поўным аб'ёме выканаў ліпеньскі бізнес-план па такім важным паказчыку, як аб'ём адгрузкі гатовай прадукцыі, - адзначылі ў прэс-службе. - У перыяд са студзеня па ліпень завод зрабіў сапраўдны прарыў у павелічэнні сегмента далёкага замежжа ў агульным аб'ёме экспартных паставак сваёй прадукцыі. Доля такіх краін па выніках сямі месяцаў перасягнула 41 працэнт (плюс 33,6 працэнтнага пункта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года). Гэта максімальны паказчык за ўсю гісторыю развіцця прадпрыемства ў параўнанні з гадавымі значэннямі".
Так сур'ёзна дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі з пачатку года БЕЛАЗу ўдалося дзякуючы продажам прадукцыі ў 14 краін далёкага замежжа - Індыю, Манголію, Алжыр, Польшчу, Балгарыю, Боснію і Герцагавіну і іншыя. Усяго ж тэхніка пастаўлялася за першыя сем месяцаў бягучага года ў 21 дзяржаву свету. Пры гэтым на ўнутраны рынак рэалізавана больш за 11 працэнтаў прадукцыі, на экспарт - каля 89 працэнтаў, з іх у Расію - 34,2 працэнта, у іншыя краіны блізкага замежжа - 13,3 працэнта.
Як расказалі ў прэс-службе, цяпер прапрацоўваюцца пастаўкі тэхнікі да канца 2020 года горназдабыўным прадпрыемствам Узбекістана, Казахстана, Украіны, Арменіі. Паступова ажывае і стратэгічны для БЕЛАЗа расійскі рынак. Запланавана адгрузка тэхнікі ў Інданезію, Сербію, Індыю, Алжыр, Манголію, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Боснію і Герцагавіну і іншыя. Такім чынам, з улікам чаканага аб'ёму экспарту доля краін далёкага замежжа можа наблізіцца да 45 працэнтаў у агульным аб'ёме адгрузкі.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ены самазвал грузападымальнасцю 450 т.