10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для ўдзелу ў беларуска-пакістанскім бізнес-форуме ў Мінску зарэгістраваліся 40 кампаній з Пакістана. Аб гэтым 10 жніўня ў эфіры "Панарамы" на тэлеканале "Беларусь 1" заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, паведамляе БЕЛТА.
"Аб сваім удзеле ў бізнес-форуме заявілі 40 прадстаўнікоў кампаній Пакістана. Гэта сведчыць аб вялікім інтарэсе з іх боку", - сказаў Міхаіл Мятлікаў.
Ён адзначыў, што рост тавараабароту паміж Беларуссю і Пакістанам адбываецца за кошт павелічэння ўзаемных паставак па новых таварных пазіцыях. За І паўгоддзе 2015 года іх стала больш на 33.
Пункт гледжання Міхаіла Мятлікава падзяляе міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. "Супрацоўніцтва становіцца больш інтэнсіўным. Па выніках I паўгоддзя Беларусь забяспечыла пастаўку ў Пакістан малочных вырабаў на суму $435 тыс. Гэта ў 2,5 раза больш, чым у мінулым годзе. Узоры сухога малака і натуральнамалочнай прадукцыі, што паступілі ў лабараторыі Пакістана, прызнаны вельмі якаснымі", - рэзюмаваў міністр.
Як паведамлялася, прэм'ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф 10-12 жніўня наведвае Беларусь з афіцыйным візітам. У праграме яго знаходжання - шэраг афіцыйных сустрэч, наведванне машынабудаўнічых прадпрыемстваў. З высокім госцем сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У дні афіцыйнага візіту прэм'ер-міністра Пакістана ў Мінску пройдзе Беларуска-пакістанскі бізнес-форум. Плануецца таксама, што Наваз Шарыф выступіць з кароткай лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.