6 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях распрацоўвае канцэпцыю праграмы інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі да адкрыцця Беларускага прамысловага форуму-2015 "Прамысловая інтэграцыя ў Еўразійскім эканамічным саюзе" старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер мы распрацоўваем канцэпцыю праграмы інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады. Яна будзе ў чэрвені абмяркоўвацца ва ўрадзе. І да канца года мы плануем ужо яе прыняць", - адзначыў Аляксандр Шумілін.
Ён падкрэсліў, што новая праграма будзе нацэлена на стварэнне вытворчасцей, якія адпавядаюць 5 і 6 тэхналагічнаму ўкладу. Акрамя таго, у ёй будзе значна ўзмоцнена роля малога прадпрымальніцтва і інавацыйнага бізнесу. "Цяпер у нас відаць ажыўленне ў гэтым плане. Нядаўна ў Мінску прайшоў стартап-тур фонду "Сколкава", акрамя таго, мы плануем у гэтым годзе стварыць Беларуска-расійскі венчурны фонд", - адзначыў старшыня ДКНТ.
Гаворачы аб тэхналагічным укладзе Беларусі, старшыня ДКНТ адзначыў, што Беларусь у 2014 годзе па індэксе інавацый узнялася на 19 працэнтных пунктаў па еўрапейскіх інтэграваных паказчыках. "У нас ёсць добры рух па міжнародных паказчыках, праўда, па тых паказчыках, якія прымяняюцца ў нас у краіне, усё не так добра - ёсць пэўнае зніжэнне ў параўнанні з 2013 годам. Гэта звязана з агульным зніжэннем аб'ёмаў вытворчасці па Беларусі", - адзначыў Аляксандр Шумілін.