11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты рыхтуюць да першага чытання праект аб змяненні закона аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Бабаловіч.
Закон аб гандлі ўдасканальваецца ў адпаведнасці з дэкрэтам нумар 7 аб развіцці прадпрымальніцтва, указам нумар 345 аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Так, спрашчаюцца патрабаванні да вядзення бізнесу ў гэтых сферах. Размова ідзе аб пераходзе на паведамляльны прынцып пачатку дзейнасці незалежна ад уключэння звестак у рэестры, рэгістры. Плануецца, што гандлёвыя пункты і грамадскае харчаванне змогуць самі вызначаць рэжым работы. Выключэнне зроблена для кафэ, рэстаранаў, магазінаў, якія будуць адкрыты пасля 23.00 да 7.00. У гэтым выпадку, растлумачыў дэпутат, узгадняць рэжым работы давядзецца. Многія гандлёвыя пункты і ўстановы знаходзяцца ў жылых дамах, інтарэсы людзей павінны быць падтрыманы.
Парламентарый адзначыў, што законапраект няпросты, яго падрыхтоўка ідзе з 2018 года. Распрацоўшчык, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, за гэты час паспела вывучыць вопыт 27 краін. Дакумент разасланы зацікаўленым ведамствам. "Чакаем заўвагі і прапановы, законапраект рыхтуецца да першага чытання", - адзначыў Аляксандр Бабаловіч. Паводле яго слоў, цяпер складана сказаць, ці будуць папраўкі ўнесены на разгляд у час вясенняй сесіі. "Трэба будзе ўрэгуляваць нямала тонкіх і сур'ёзных пытанняў", - растлумачыў ён. Напрыклад, у частцы патрабаванняў да заключэння і выканання дагавораў, якія прадугледжваюць пастаўкі прадуктаў харчавання, паміж суб'ектамі гандлю, грамадскага харчавання і пастаўшчыком.
Вялікія змяненні чакаюць нормы, якія датычацца размяшчэння нестацыянарных гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання (аўтамагазінаў, фудтракаў і г.д.). Прадугледжваецца, што гэтыя пытанні будуць дадаткова рэгулявацца пастановамі Саўміна. Акрамя таго, значна пашырыцца паняційны апарат.