6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі дзелавых колаў Каралеўства Саудаўская Аравія наведаюць Беларусь з мэтай прадметнага абмеркавання перспектыў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Адпаведная дамоўленасць дасягнута ў час візіту беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Валянцінам Рыбаковым у гэту краіну, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Візіт беларускай дэлегацыі праходзіць 5-7 мая. Яна прыбыла ў Саудаўскую Аравію для ўдзелу ў першым пасяджэнні сумеснага камітэта паміж урадамі дзвюх краін. 6 мая адбылася сустрэча Валянціна Рыбакова з генеральным сакратаром Савета гандлёва-прамысловых палат Саудаўскай Аравіі Халедам аль-Атэйбі.
У МЗС праінфармавалі, што праведзены прэзентацыі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Беларусі, перагаворы прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі з саудаўскімі партнёрамі па пытаннях экспарту беларускай прадукцыі, у прыватнасці прадукцыі машынабудавання, прадуктаў харчавання, IT-паслуг.
"Праведзена сустрэча Валянціна Рыбакова з намеснікам старшыні Галоўнага ўпраўлення па справах маладзёжнага развіцця Каралеўства Саудаўская Аравія Фейсалам бен Абудэль Азіз аль-Насарам, у час якой падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Галоўным упраўленнем па справах маладзёжнага развіцця Саудаўскай Аравіі", - паведамілі ў прэс-службе.
На сустрэчы бакі таксама абмеркавалі першачарговыя захады па рэалізацыі мемарандума, уключаючы пытанні, што датычацца правядзення вучэбна-трэніровачных збораў у Беларусі і Саудаўскай Аравіі, абмену вопытам у сферы падрыхтоўкі спартсменаў і павышэння кваліфікацыі трэнерскага складу. Таксама дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы праграмы супрацоўніцтва ў галіне спорту на 2016-2017 гады і правядзенні візіту дэлегацыі Галоўнага ўпраўлення па справах маладзёжнага развіцця Саудаўскай Аравіі ў Беларусь.