17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Даходы ад замежнага паляўнічага турызму ў Беларусі з 2015 года выраслі больш як у 1,5 раза, паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Юрый Шумскі.
"Замежныя госці палююць на ласёў, аленяў, казуль, глушцоў, цецерукоў, гусей, вальдшнэпаў і іншыя віды дзічыны. З удзелам замежных грамадзян у 2018 годзе праведзена 838 тураў, усяго гаспадаркі БТПР наведалі больш за 2 тыс. паляўнічых. Выручка ад замежнага паляўнічага турызму склала 847 тыс. еўра. З кожным годам адбываецца значны рост. Для параўнання: у 2015 годзе паляўнічыя ўгоддзі гаспадарак сістэмы БТПР наведалі 1497 замежных паляўнічых, было праведзена 665 паляўнічых тураў, даходы пры гэтым склалі 533 тыс. еўра", - сказаў Юрый Шумскі.
Асноўная доля замежных паляўнічых - грамадзяне Расіі (каля 85 працэнтаў). У апошнія гады значна павялічылася ўдзельная вага грамадзян Еўрасаюза (у 2018 годзе - да 15,5 працэнта). Сярод іх пераважаюць паляўнічыя з Польшчы, Францыі, Германіі, Аўстрыі і Чэхіі. "Для прыцягнення замежных паляўнічых і павелічэння даходнай часткі паляўнічых гаспадарак важна прымаць удзел у міжнародных спецыялізаваных выстаўках. У 2018 годзе БТПР удзельнічала са сваёй выставачнай экспазіцыяй у выстаўках у Дортмундзе і Гановеры (Германія), Зальцбургу (Аўстрыя), Маскве (Расія). Аддача ад гэтых выставак з кожным годам істотна ўзрастае: выручка ад паляўнічых тураў з удзелам прыцягнутых іншаземцаў у 2018 годзе ў пяць разоў перасягнула расходы БТПР на выставачную дзейнасць", - адзначыў старшыня таварыства.
"Увядзенне 30-дзённага бязвізавага рэжыму станоўча паўплывала на павелічэнне колькасці замежных паляўнічых, якія наведваюць нашу краіну, паколькі зменшыўся кошт туру і скараціўся час на афармленне дакументаў. Узрасла і колькасць тых, хто прыехаў у Беларусь на экскурсію або па рабочых пытаннях і заадно папаляваў у нашых гаспадарках з арэнднай зброяй", - дадаў Юрый Шумскі.