19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Шанхаі Андрэй Андрэеў наведаў горад Ляньюньган правінцыі Цзянсу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове.
Генеральны консул прыняў удзел у міжнародных мерапрыемствах, арганізаваных кітайскім бокам у рамках пашырэння ўзаемадзеяння па выкарыстанні чыгуначнага маршруту Кітай - Еўропа, у прыватнасці ў Форуме міжнароднага супрацоўніцтва і Форуме міжнароднага гандлю і ўстойлівага развіцця. Мерапрыемствы адкрыў віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР, член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Дзін Сюэсян, зачытаўшы віншавальнае пасланне Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і заклікаўшы да сумесных намаганняў па развіцці грузавых экспрэсаў Кітай - Еўропа.
У ходзе сустрэч з кітайскім бокам Андрэй Андрэеў абмеркаваў напрамкі супрацоўніцтва з правінцыяй Цзянсу і горадам Ляньюньган.
Сумесна з кіраўнікамі раёна Ганью горада Ляньюньган і кампаніі "Міжнародныя чыгуначныя перавозкі правінцыі Цзянсу" беларускі дыпламат прыняў удзел у адкрыцці міжнароднай электроннай гандлёва-лагістычнай пляцоўкі "Партал трансгранічнага гандлю Пояса і Шляху", у тым ліку і ў анлайн-трансляцыі продажаў беларускай харчовай прадукцыі.
У інтэрв'ю мясцовым СМІ генеральны консул падкрэсліў, што Беларусь у якасці надзейнага партнёра Кітая ў ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях" забяспечвае стабільныя і бяспечныя чыгуначныя перавозкі Кітай - Еўропа - Кітай, уносячы значны ўклад у агульныя намаганні па стабілізацыі і аднаўленні сусветнай эканомікі.
Андрэй Андрэеў падкрэсліў, што цяпер вядзецца работа па пашырэнні супрацоўніцтва з правінцыяй Цзянсу, уключаючы выкарыстанне чыгуначных грузавых тэрміналаў маршрутаў "Аднаго пояса, аднаго шляху" для паставак беларускай прадукцыі.