27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. В'етнам мае намер развіваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю, паведаміў сёння Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг на Беларуска-в'етнамскім бізнес-форуме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, В'етнам будзе вітаць беларускія інвестыцыі, асабліва ў машынабудаванні, вытворчасці прамысловага абсталявання.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Чан Дай Куанг звярнуў увагу, што прадстаўнікі бізнесу адыгрываюць важную ролю ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. Паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і В'етнамам заключана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю, якое ўступіла ў сілу ў канцы 2016 года, што павінна надаць дадатковы імпульс уздыму эканомік.
Беларусь застаецца прыярытэтным для В'етнама партнёрам у Еўразійскім рэгіёне. "З улікам узаемадапаўняльнасці нашых эканомік мы можам злучаць нашы вытворчасці, ствараць новыя і займацца сумесным экспартам на глабальны рынак", - лічыць Чан Дай Куанг.