27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды выступала за выбудоўванне эканамічных адносін з Расіяй у імкненні дапаўняць эканомікі адна адной, а не канкурыраваць. Скаардынаваныя дзеянні па забеспячэнні тэхналагічнай бяспекі будуць садзейнічаць апераджальнаму развіццю эканомік дзвюх краін. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар, выступаючы з дакладам на тэматычнай секцыі "Забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Беларусі і Расіі на аснове інавацый у прамысловым комплексе" XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Кіраўнік эканамічнага ведамства асабліва адзначыў значны інтэлектуальны патэнцыял нашых краін. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне навукі і тэхнікі, экспарту IT-паслуг, стварэнні мабільных дадаткаў, колькасці сертыфікатаў якасці ISO 9001.
У сваю чаргу Расія традыцыйна моцная па такіх напрамках, як маштаб унутранага рынку, рэгістрацыя патэнтных заявак на карысныя мадэлі і вынаходствы, даходы ад інтэлектуальнай уласнасці, занятасць у навукаёмістых сферах.
На думку міністра, гэтыя перавагі неабходна выкарыстоўваць максімальна эфектыўна для забеспячэння нашай тэхналагічнай бяспекі.
"Лічым неабходным разгарнуць гэту работу на двух узроўнях. Першы - задавальненне патрэб эканомік у вытворчасцях і тэхналогіях "тут і цяпер". Сёння на гэта нацэлены тры навукова-тэхнічныя праграмы Саюзнай дзяржавы: у прамысловасці, фатоніцы і космасе. Акрамя таго, падрыхтаваны 34 інтэграцыйныя праекты і ідэі, з якіх 25 ужо зацверджаны на ўзроўні ўрадаў, адзін - на ўзроўні Мінпрамаў, і падмацаваны фінансаваннем, - адзначыў Юрый Чабатар. - Таксама за апошні год мы далёка рушылі наперад ва ўзаемадзеянні з дзяржкарпарацыяй "Расатам" па напрамках, звязаных з неэнергетычнымі праектамі. Запрашаем і іншыя расійскія кампаніі да рэалізацыі сумесных бізнес-ідэй у Беларусі".
Другі ўзровень, паводле слоў міністра эканомікі, абумоўлены доўгатэрміновай стратэгіяй развіцця тэхналогій з улікам сусветных трэндаў і існуючых у Беларусі і Расіі кампетэнцый.
"Беларусь заўсёды выступала за выбудоўванне эканамічных адносін з Расіяй у імкненні дапаўняць эканомікі адна адной, а не канкурыраваць. Менавіта ў гэтым "рэчышчы" прапануецца выбудоўваць узаемадзеянне ў стратэгічных навукаёмістых галінах. Важная задача - у забеспячэнні сінхранізацыі гэтай работы, - лічыць Юрый Чабатар. - Яе вынікамі, напрыклад, маглі б стаць сумесная вытворчасць станкоў і рухавікоў, беспілотных сістэм і іх камплектуючых, стварэнне саюзнага кампазітнага завода і рэалізацыя іншых перспектыўных ініцыятыў. Спектр напрамкаў даволі шырокі".