2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 2 снежня кадравыя рашэнні, даручыў вызначыцца з будучыняй Беларускай нафтавай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы пры ўзгадненні кандыдатуры генеральнага дырэктара ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" падкрэсліў, што ў гэтай структуры працуюць прафесіяналы сваёй сферы - каля 80 чалавек. Але на гэты момант яны, на думку Прэзідэнта, недастаткова загружаны. "Яны, мне здаецца, недазагружаны ў гэтай кампаніі. Шкада гэтых спецыялістаў. Ведаю, што там вельмі добрыя спецыялісты", - сказаў ён.
"Нам трэба вызначацца з Беларускай нафтавай кампаніяй. Яна павінна быць загружана пад завязку, - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. - Калі не, значыць, гэтыя спецыялісты павінны працаваць па спецыяльнасці па ўсёй краіне". Звяртаючыся да Марата Малецкага, чыю кандыдатуру Прэзідэнт узгадніў на пасаду гендырэктара БНК, Аляксандр Лукашэнка даручыў: "Табе разам з урадам і Дзмітрыем Мікалаевічам (Крутым, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) трэба дакладна вызначыцца - быць ці не быць гэтай кампаніі. А для таго каб быць, патрэбны фронт работы пэўны. Я думаю, вызначыцеся".