18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа зацікаўлена ва ўстанаўленні моцных партнёрскіх адносін з Цэнтральным банкам Расіі і гатова развіваць супрацоўніцтва па любых напрамках, якія датычацца электроннага біржавога гандлю, уключаючы разлікі і клірынг, фарміраванне і маніторынг цэн, прымяненне крэдытна-фінансавых інструментаў. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі ў ходзе сустрэчы з дэлегацыяй Банка Расіі, якая прыбыла ў Мінск з трохдзённым візітам для вывучэння асаблівасцей функцыянавання біржавога таварнага рынку Беларусі і БУТБ як цэнтральнага элемента біржавой інфраструктуры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар біржы Раман Яніў.
"Мы цалкам адкрытыя для супрацоўніцтва і гатовы падзяліцца ўсёй неабходнай вам інфармацыяй, каб у вас склалася цэласная і ўсёабдымная карціна таго, як арганізаваны і па якіх прынцыпах працуе біржавы таварны рынак у Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Асмалоўскі, вітаючы прадстаўнікоў Цэнтрабанка РФ у мінскім офісе БУТБ.
Ён таксама адзначыў, што БУТБ цесна ўзаемадзейнічае з вядучымі таварнымі і валютна-фондавымі біржамі Расійскай Федэрацыі, прычым як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках міжнародных біржавых аб'яднанняў, у ліку якіх Міжнародная асацыяцыя біржаў краін СНД.
"Мы падтрымліваем пастаянны кантакт практычна з усімі біржамі Расіі, незалежна ад таго, на якім рынку яны працуюць і якімі інструментамі гандлююць. Разам з тым найбольш блізкай нам па духу з'яўляецца Санкт-Пецярбургская міжнародная таварна-сыравінная біржа, дзе, як і ў нас, праходзяць сесійныя таргі прадукцыяй лясной гаспадаркі, металургіі, аграпрамысловага комплексу і нафтахімічнай галіны. Мы рэгулярна абменьваемся інфармацыяй, вопытам і візітамі, а таксама сумесна ўдзельнічаем у інтэграцыйных праектах у рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС", - расказаў Аляксандр Асмалоўскі.
Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка беларускай біржы, цяпер разглядаецца пытанне падпісання пагаднення на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі, якое створыць нарматыўна-прававую базу для правядзення адзіных гандлёвых сесій і ўзаемнага допуску ўдзельнікаў на пляцоўкі БУТБ і СПбМТСБ. "У сувязі з гэтым візіт прадстаўнікоў мегарэгулятара фінансавага рынку Расіі мае асаблівае значэнне. Таму з нашага боку будзе аказана максімальнае садзейнічанне і прыкладзены ўсе намаганні, каб ваша місія ў Беларусі была паспяхова выканана", - рэзюмаваў кіраўнік БУТБ.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.