24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа пачынае рэалізацыю харчовай сыравіны на ўнутраным рынку з прадастаўленнем узораў прадукцыі. Працэс збору заявак ад патэнцыяльных прадаўцоў і пакупнікоў ужо стартаваў, а першыя таргі плануецца правесці 28 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
За кошт высокай канцэнтрацыі пастаўшчыкоў на біржавой пляцоўцы новая гандлёвая сесія спросціць працэдуру закупкі сыравіны для айчынных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, а магчымасць дэталёва вывучыць узоры тавару да таргоў звядзе да мінімуму рызыку набыцця прадукцыі, якая не адпавядае спецыфікацыям пакупніка, падкрэслілі ў БУТБ.
"Харчовая сыравіна - гэта не новы для біржы тавар. Таргі гэтай прадукцыяй праводзяцца са снежня мінулага года і паспелі ўжо стаць рабочым інструментам больш як для 90 беларускіх кампаній. У прыватнасці, у гэтым годзе павышаным попытам карыстаюцца комплексныя харчовыя дабаўкі, ізалят соевага бялку, пшанічная клейкавіна і ферментныя прэпараты. На гэтыя пазіцыі прыпала каля 60 працэнтаў ад агульнага аб'ёму продажаў у студзені-жніўні", - расказалі ў прэс-службе.
Арганізацыю таргоў з прадастаўленнем узораў можна лічыць наступным этапам развіцця гэтага таварнага напрамку. "Новая гандлёвая сесія будзе перш за ўсё запатрабавана ў прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці сыравіну са строга вызначанымі характарыстыкамі. Папярэдняе вывучэнне выстаўляемай на таргі прадукцыі дазволіць адсеяць загадзя непадыходзячых пастаўшчыкоў і эфектыўна ажыццявіць закупку. Пры гэтым таргі будуць цалкам ананімнымі, што забяспечвае сумленную канкурэнцыю і выключае магчымасць змовы", - адзначылі ў БУТБ.
Таргі харчовай сыравінай па ўзорах будуць праводзіцца па меры паступлення заявак на куплю і продаж. У час гандлёвых сесій плануецца рэалізоўваць шырокі асартымент прадукцыі, уключаючы харчовыя дабаўкі, крухмал, жэлацін, загушчальнікі, кандытарскі тлушч, заменнікі какава-алею, цытрынавую кіслату, дрожджы, харчовую соду, глютэн, ялавічны бялок і сухафрукты. На першую гандлёвую сесію ўжо зарэгістраваны заяўкі на набыццё сухой прыправы.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.