3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыялізаваныя таргі драўняным палівам на экспарт будуць праводзіць на Беларускай універсальнай таварнай біржы двойчы ў месяц з 3 жніўня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Такія гандлёвыя сесіі прадугледжваюць пастаўку на знешнія рынкі паліўных і тэхналагічных шчэпак, стружкі, апілоўкі, драўняных адходаў, драўняных паліўных брыкетаў, паліўных гранул (пелет) і колатых дроў. "Рэалізацыя ўсяго асартыменту паліўнай прадукцыі ў час адной гандлёвай сесіі дасць магчымасць максімальна сканцэнтраваць прапанаванне гэтай таварнай групы на біржавой пляцоўцы, а таксама павялічыць колькасць замежных пакупнікоў за кошт больш дакладнага таргетавання мэтавай аўдыторыі", - растлумачыў Раман Яніў.
Раней драўнянае паліва прадавалася на экспарт разам з іншымі відамі лесаматэрыялаў у час сумешчанай гандлёвай сесіі. Аднак апошнім часам назіраецца прыкметны рост цікавасці да беларускай паліўнай прадукцыі з боку замежных кампаній. У прыватнасці, аднавіўся экспарт паліўных гранул, а продажы паліўных шчэпак у мінулым месяцы ў параўнанні з ліпенем 2019 года выраслі на 21 працэнт да Br23,6 млн. "Разлічваем, што вывядзенне паліўнай драўніны ў асобную гандлёвую сесію дасць магчымасць айчынным экспарцёрам значна нарасціць пастаўкі гэтай прадукцыі на еўрапейскі рынак, нават калі зіма будзе такой жа цёплай, як і ў мінулым годзе", - адзначыў прэс-сакратар БУТБ.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная яе функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.