26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа рэгіструе рост канкурэнцыі на таргах ветэрынарнымі прэпаратамі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
"Беларускія сельгаспрадпрыемствы ў першым квартале закупілі на біржы ветэрынарныя прэпараты на агульную суму Br6,9 млн. Для параўнання: за ўвесь мінулы год аб'ём біржавых здзелак з названай прадукцыяй склаў Br8,9 млн. Ключавым фактарам, што забяспечыў рост продажаў ветпрэпаратаў праз БУТБ, стала высокая канкурэнцыя сярод пастаўшчыкоў, што садзейнічала прыходу на біржавую пляцоўку буйнейшых прадстаўнікоў аграрнага сектара", - сказаў Раман Яніў.
Паводле яго слоў, цяпер у таргах ветпрэпаратамі рэгулярна ўдзельнічаюць каля 50 прадаўцоў, што стварае максімальна добрыя ўмовы для пакупнікоў. "Пры канкурэнтнай барацьбе цэны па некаторых лотах зніжаюцца больш як у два разы. Дзякуючы гэтаму толькі за першы квартал айчынныя сельгаспрадпрыемствы сэканомілі на закупках звыш Br330 тыс. Пры гэтым, як відаць, дзейнічае эфект "сарафаннага радыё", паколькі за апошнія два месяцы на біржавую пляцоўку прыйшлі вядучыя птушкафабрыкі краіны, у тым ліку такія гіганты, як салігорская і віцебская. Абодва прадпрыемствы ўжо актыўна заключаюць здзелкі", - адзначыў прэс-сакратар.
Біржавыя таргі ветэрынарнымі прэпаратамі праводзяцца на БУТБ з 14 мая 2020 года. Мэта праекта - прадаставіць беларускім прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу эфектыўны механізм закупак запатрабаванай прадукцыі. Як чакаецца, з прыходам на таргі значных ігракоў па выніках ужо студзеня-красавіка аб'ёмы рэалізацыі ветпрэпаратаў будуць вышэйшыя, чым за ўвесь мінулы год.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.