21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускіх піламатэрыялаў і стальной арматуры ў Венгрыю плануецца арганізаваць праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Прыцягненнем на таргі патэнцыяльных пакупнікоў, а таксама пашырэннем айчыннай прадукцыі на венгерскі рынак зоймецца кампанія Belvin Trade Kft., акрэдытаваная на БУТБ у якасці брокера-нерэзідэнта. Да супрацоўніцтва з БУТБ Belvin Trade працавала пераважна ў аграрным сектары, пастаўляючы ў Венгрыю сельскагаспадарчую тэхніку, запчасткі да яе і тэхнічныя вадкасці. Выхад на беларускую біржавую пляцоўку звязаны з пашырэннем сферы дзейнасці кампаніі.
"Папрацаваць на беларускім рынку праз біржу нам прапанавалі ў пасольстве Беларусі ў Венгрыі, і, ацаніўшы перспектывы, мы вырашылі паспрабаваць. Пачаць плануем з імпарту арматурнага пракату вытворчасці Беларускага металургічнага завода і піламатэрыялаў, якія карыстаюцца попытам не толькі ў Венгрыі, але і ў іншых краінах Еўрасаюза. Акрамя таго, разглядаем магчымасць прыцягваць пакупнікоў беларускага рапсавага алею. Гэта таксама вельмі запатрабаваная ў Еўропе таварная пазіцыя, а ўлічваючы наш вопыт у сельскагаспадарчай галіне і шырокую сетку дзелавых кантактаў, упэўнены, што мы зможам аператыўна знайсці кампаніі, гатовыя купляць гэту прадукцыю ў беларускіх вытворцаў", - адзначыў выканаўчы дырэктар Belvin Trade Норберт Баброўскі.
На сёння на БУТБ акрэдытаваны больш за 50 біржавых брокераў, уключаючы 12 замежных - з Германіі, Ізраіля, Кітая, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Эстоніі. Брокерскія арганізацыі і іх кліенты забяспечваюць амаль палавіну біржавога тавараабароту.