30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці павелічэння аб'ёмаў біржавога гандлю з Валгаградскай вобласцю абмеркаваны падчас візіту дэлегацыі дзелавых колаў гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі ў цэнтральны офіс Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Мерапрыемства арганізавана пры садзейнічанні Цэнтра падтрымкі экспарту Валгаградскай вобласці для ўстанаўлення новых дзелавых кантактаў і ўмацавання гандлёва-эканамічных сувязей паміж суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін.
Як адзначыў першы намеснік старшыні праўлення БУТБ Андрэй Новікаў, нарошчванне біржавога тавараабароту з Расійскай Федэрацыяй з'яўляецца адной з прыярытэтных задач біржы на 2021 год. "З пачатку года біржавы аб'ём гандлю з Расіяй склаў каля $22 млн, што ў 3,5 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Ключавымі драйверамі росту сталі пастаўкі на расійскі рынак цэменту, сухога малака і рапсавага алею беларускай вытворчасці. Акрамя таго, набірае абароты такі перспектыўны напрамак, як транзітныя здзелкі. Літаральна гэтымі днямі кампанія з Бранскай вобласці рэалізавала ў Прыбалтыку партыю піламатэрыялаў амаль на 300 тыс. еўра, а ў лістападзе мінулага года расійскі вытворца рапсавага алею прадаў у Еўрасаюз прадукцыю на 1,1 млн еўра. Пры гэтым, калі раней такія здзелкі былі рэдкасцю, то цяпер яны ажыццяўляюцца практычна штотыдзень", - сказаў Андрэй Новікаў.
Па выніках перагавораў прадстаўнікі шэрага прадпрыемстваў Валгаградскай вобласці выказалі зацікаўленасць у рэалізацыі сваёй прадукцыі ў рамках секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў БУТБ. У прыватнасці, плануецца прапрацаваць пытанне выстаўлення на таргі прадукцыі для будаўнічай галіны, упаковачных матэрыялаў і прадуктаў харчавання.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.