28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа плануе экспартаваць піламатэрыялы і сельгаспрадукцыю ў паўднёвыя рэгіёны Кітая, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Магчымасці арганізацыі паставак беларускіх піламатэрыялаў і прадукцыі аграпрамысловага комплексу ў паўднёвыя правінцыі Кітая з прымяненнем механізма біржавых таргоў абмеркаваны падчас анлайн-семінара для прадстаўнікоў кітайскага бізнесу, арганізаванага Беларускай універсальнай таварнай біржай пры падтрымцы Генеральнага консульства Беларусі ў Гуанчжоу і Камітэта па садзейнічанні міжнароднаму гандлю Гуанчжоу.
У прыватнасці, плануецца прыцягнуць на беларускую біржавую пляцоўку буйных імпарцёраў пілапрадукцыі, рапсавага алею і малакапрадуктаў з правінцый Гуандун, Хайнань і Гуансі-Чжуанскага аўтаномнага раёна, што дасць магчымасць кітайскім кампаніям без пасрэднікаў набываць неабходныя ім тавары ў беларускіх вытворцаў.
"Пакуль асноўны аб'ём экспарту беларускіх тавараў праз біржавую пляцоўку прыпадае на цэнтральную частку Кітая, і ў першую чаргу на Шанхай. Менавіта туды ў рамках спецыяльных гандлёвых сесій па новым Шаўковым шляху пастаўляюць сваю прадукцыю айчынныя дрэваапрацоўшчыкі. За першы квартал сума здзелак ўжо дасягнула $7,5 млн. Разам з тым апошнім часам да нас рэгулярна паступаюць запыты ад кампаній з паўднёвага Кітая, якія хочуць купляць не толькі лесапрадукцыю, але і сухое малако, цукар, рапсавы алей. Таму цяпер праводзіцца работа па фарміраванні пула патэнцыяльных пакупнікоў з паўднёвых правінцый КНР, у тым ліку пры садзейнічанні акрэдытаваных у Кітаі біржавых брокераў", - расказалі ў прэс-службе.
У рамках анлайн-семінара, які сабраў прадстаўнікоў больш як 60 кітайскіх гандлёвых і вытворчых прадпрыемстваў, таксама адбылася прэзентацыя асноўных напрамкаў дзейнасці БУТБ, асаблівасцей удзелу ў таргах для кампаній-нерэзідэнтаў і пераваг выкарыстання біржавой пляцоўкі ў перыяд пандэміі каранавіруса.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.