18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа працуе над пераарыентацыяй экспарту піламатэрыялаў у краіны MENA, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Практычныя пытанні арганізацыі экспарту беларускіх піламатэрыялаў у краіны MENA (Блізкі Усход і Паўночная Афрыка) з прымняненнем біржавога механізма абмеркаваны ў ходзе перагавораў прадстаўнікоў БУТБ з наведвальнікамі і экспанентамі міжнароднай выстаўкі лесаматэрыялаў і дрэваапрацоўчага абсталявання (Dubai International Wood & Wood Machinery Show), якая праходзіла 15-17 сакавіка ў Дубаі (ААЭ).
У прыватнасці, буйны імпарцёр і дыстрыб'ютар лесаматэрыялаў на тэрыторыі ААЭ Beston Wood Industries LLC заявіў аб гатоўнасці выйсці на рынак Беларусі праз біржавую пляцоўку, а егіпецкі вытворца мэблевых шчытоў і дзвярных палоцен Good Wood LLC мае намер акрэдытавацца на БУТБ для закупкі абразной дошкі хвойных парод і іншай прадукцыі беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
У час выстаўкі дэлегацыя БУТБ таксама сустрэлася з прадстаўнікамі лесапрамысловай галіны з Рэспублікі Комі (Расія). Бакі абмяняліся вопытам гандлю з краінамі MENA і дамовіліся аб рэалізацыі сумеснага праекта па экспарце беларускай пілапрадукцыі ў Сірыю. Дастаўку тавару пакупнікам плануецца ажыццяўляць чыгуначным транспартам з перавалкай у порце Санкт-Пецярбурга.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.