5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) павялічваецца перыядычнасць біржавых таргоў мясам і мяснымі харчовымі субпрадуктамі на экспарт, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
З 9 верасня 2024 года штотыдзень будзе праводзіцца не адна, а дзве гандлёвыя сесіі па рэалізацыі гэтай прадукцыі за мяжу. Змяненне ў графіку таргоў звязана з павышаным попытам на беларускія мясапрадукты з боку замежных пакупнікоў, колькасць якіх у бягучым годзе значна вырасла. Акрамя таго, большая колькасць гандлёвых сесій дазволіць акрэдытаваным на БУТБ айчынным прадпрыемствам мясной галіны павялічыць аб'ёмы экспартных паставак і забяспечыць іх рытмічнасць.
"У мінулым годзе здзелкі па закупцы мяса, субпрадуктаў і эндакрынна-ферментнай сыравіны на біржавых таргах рэгулярна заключалі каля 20 кампаній-нерэзідэнтаў. У гэтым годзе колькасць пастаянных пакупнікоў з-за мяжы перавысіла ўжо 50 кампаній і прадаўжае павялічвацца. Сярод іх прысутнічаюць як буйныя перапрацоўшчыкі і дыстрыб'ютары, так і малы бізнес. Зразумела, пашырэнне кола імпарцёраў, якія выкарыстоўваюць біржавую пляцоўку, станоўча паўплывала на дынаміку экспартных продажаў мясапрадукцыі. У параўнанні са студзенем - жніўнем 2023 года сума здзелак вырасла больш як у чатыры разы", - праінфармавалі ў прэс-службе таварнай біржы.
Цяпер на знешні рынак праз БУТБ пастаўляецца замарожаная і ахалоджаная ялавічына, мясныя паўфабрыкаты, субпрадукты, топленыя жывёльныя тлушчы і эндакрынна-ферментная сыравіна. У якасці пакупнікоў пераважна выступаюць рэзідэнты краін - удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза.