18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа пашырыла геаграфію біржавога гандлю да 70 краін. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Ark Packaging Solutions стала першай кампаніяй з Індыі, акрэдытаванай для ўдзелу ў таргах на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Такім чынам, цяпер на біржавой пляцоўцы працуюць рэзідэнты 70 краін. Апошні раз геаграфія біржавога гандлю пашыралася ў снежні 2021 года, калі на БУТБ прыйшла першая кампанія з Пакістана. У прэс-службе БУТБ адзначаюць, што так актыўна кліенцкая база біржы не расла ўжо каля 10 гадоў.
"Усяго на нашай пляцоўцы акрэдытаваны больш за пяць з палавінай тысяч замежных кампаній. Па выніках 2021 года ў дзясятку буйнейшых рынкаў збыту беларускіх тавараў увайшлі Літва, Германія, Латвія, Эстонія, Расія, Польшча, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Славакія і Кітай. У Еўрасаюз у асноўным пастаўляліся піламатэрыялы, паліўныя гранулы, рапсавы алей і прадукцыя перапрацоўкі цукровых буракоў. Вялікабрытанія купляла пілапрадукцыю, драўляныя слупы, калы і гарбарны паўфабрыкат "вет-блю". У Расію экспартавалася сухое малако, сметанковае масла, сыры і прадукцыя перапрацоўкі алейных. У сваю чаргу кітайскія кампаніі актыўна набывалі піламатэрыялы, рапсавы алей і цукар. У бягучым годзе, безумоўна, разлічваем на далейшае пашырэнне геаграфіі біржавога гандлю. Гэтаму будзе садзейнічаць і ўзрастаючы аўтарытэт біржы як міжнароднай гандлёвай платформы. Толькі за мінулы год у нас акрэдытаваліся кампаніі з 5 новых краін: Бразіліі, Гібралтара, Пакістана, Паўднёвай Карэі і Японіі. Прыход на біржу першай кампаніі з Індыі з'яўляецца вынікам праведзенай у 2021 годзе работы па прыцягненні на таргі кампаній з рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі. Стратэгічная задача - максімальна дыверсіфікаваць экспарт айчыннай прадукцыі, перш за ўсё за кошт краін далёкай дугі", - пракаменціравалі ў прэс-службе БУТБ.