21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа пашырае сетку брокераў у Расіі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Для нарошчвання біржавога тавараабароту і павелічэння колькасці ўдзельнікаў таргоў з Расіі Беларуская ўніверсальная таварная біржа акрэдытавала трэцяга брокера ў гэтай краіне. Ім стала кампанія "Алор Эсет Менеджмент", якая мае шматгадовы вопыт аказання брокерскіх паслуг на тэрыторыі Расіі і супрацоўнічае з такімі буйнымі гандлёвымі пляцоўкамі, як Маскоўская біржа і Санкт-Пецярбургская міжнародная таварна-сыравінная біржа. Пры садзейнічанні новага брокера БУТБ разлічвае забяспечыць значны прырост кліентаў з Расіі, а таксама пашырыць пералік беларускай прадукцыі, рэалізуемай на расійскі рынак шляхам біржавых таргоў.
"У мінулым годзе ў Расію пастаўлялася даволі шырокая наменклатура тавараў. Перш за ўсё гэта сметанковае масла, сухое малако, прадукцыя перапрацоўкі алейных культур і цэмент. На гэтыя пазіцыі прыпала каля 80 працэнтаў экспартных продажаў. Акрамя таго, расійскія ўдзельнікі рэгулярна набывалі праз біржу гарбарны паўфабрыкат "вет-блю", металалом, будматэрыялы і прадукты харчавання. Асобна трэба адзначыць пачатак рэалізацыі ў Расіі кармавых дабавак беларускай вытворчасці - L-лізін сульфату, пшанічнага глютэну і прэміксаў. Гэта новы перспектыўны напрамак, якому ў 2022 годзе будзе ўдзяляцца прыярытэтная ўвага. Разлічваем, што з прыходам новага брокера дзейнасць біржы па пашырэнні айчыннай прадукцыі на рынку Расіі стане яшчэ больш эфектыўнай", - падкрэслілі ў прэс-службе БУТБ.
Акрамя таго, у прэс-службе паведамілі, што па выніках 2021 года Расійская Федэрацыя захавала за сабой першае месца як па суме біржавога тавараабароту з Беларуссю, так і па колькасці кампаній, акрэдытаваных на БУТБ. Пры гэтым за кошт правядзення комплексу мерапрыемстваў па прыцягненні патэнцыяльных пакупнікоў беларускіх тавараў з рэгіёнаў Расіі, а таксама цеснага ўзаемадзеяння з Гандлёвым прадстаўніцтвам Расіі ў Беларусі долю экспартных здзелак у структуры ўзаемнага гандлю ўдалося істотна павялічыць.
Цяпер на БУТБ акрэдытаваны каля 60 брокерскіх арганізацый, у тым ліку 16 нерэзідэнтаў з 10 краін.