30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа запусціла для дзяржаўных арганізацый і прыватнага бізнесу сэрвіс па рэалізацыі неліквіднай маёмасці на электронных таргах. Такая магчымасць цяпер даступна на пляцоўцы "БУТБ-Маёмасць", аператарам якой з'яўляецца біржа, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Галоўная мэта праекта - дапамагчы суб'ектам гаспадарання вызваліць абаротныя сродкі і атрымаць дадатковы даход ад продажу незапатрабаваных таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і іншых неліквідных актываў. Чакаецца, што паслуга будзе карысна шырокаму колу арганізацый з розных галін эканомікі, а таксама фізічным асобам, якія могуць удзельнічаць у электронных таргах у якасці пакупнікоў.
"Праблема "неліквідаў" актуальна для многіх арганізацый, занятых у сферы вытворчасці або гандлю. Гэта можа быць незадзейнічаная сыравіна і матэрыялы, запчасткі і камплектуючыя, тара, бракаваныя тавары, прадукцыя са скончаным тэрмінам прыгоднасці - адным словам, усё, што складана або немагчыма рэалізаваць традыцыйным спосабам праз тавараправодную сетку. Пляцоўка "БУТБ-Маёмасць" дасць магчымасць канверсаваць такія незапатрабаваныя актывы ў грашовыя сродкі, дапамагаючы ўладальнікам "неліквідаў" аператыўна знайсці пакупнікоў. Пры гэтым па кожным аб'екце неліквіднай маёмасці будуць праводзіцца электронныя таргі на павышэнне цаны, гэта значыць прадавец зможа не проста разгрузіць склад, але і атрымаць дадатковую выручку", - адзначылі ў БУТБ.
Увесь неабходны функцыянал для арганізацыі таргоў неліквідамі ўжо ўкаранёны на пляцоўцы "БУТБ-Маёмасць", цяпер вядзецца работа па прыцягненні першых прадаўцоў. Рэгістрацыя на пляцоўцы, гэтак жа як і ўдзел у таргах, ажыццяўляецца ў анлайн-рэжыме, што дае магчымасць рэалізаваць маёмасць як рэзідэнтам, так і нерэзідэнтам Беларусі.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
Электронная гандлёвая пляцоўка "БУТБ-Маёмасць" дзейнічае з 2016 года. Згодна з заканадаўствам, прадметам электронных таргоў можа быць як дзяржаўная, так і прыватная рухомая і нерухомая маёмасць, а таксама маёмасныя правы (нематэрыяльныя актывы). За студзень - красавік 2023 года на пляцоўцы рэалізавана 85 аб'ектаў маёмасці, а дадатковая выручка прадаўцоў перавысіла Br1 млн, што ў 2,8 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года.