25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Санкт-Пецярбургская міжнародная таварна-сыравінная біржа дамовіліся актывізаваць узаемадзеянне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Дэлегацыя СПбМТСБ на чале з віцэ-прэзідэнтам Аляксеем Герасюком наведала цэнтральны офіс Беларускай універсальнай таварнай біржы. "Абмяркоўваліся актуальныя тэндэнцыі ў сферы біржавога гандлю ў Беларусі і Расіі, а таксама перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў Міжнароднай асацыяцыі бірж краін СНД. Выпрацаваныя бакамі прапановы плануецца разгледзець на чарговым пасяджэнні МАБ СНД", - расказалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, адбыўся абмен думкамі аб гарманізацыі біржавога заканадаўства ў святле работы па фарміраванні адзіных рынкаў энерганосьбітаў, якая праводзіцца краінамі - удзельніцамі Еўразійскага эканамічнага саюза.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
СПбМТСБ - найбуйнейшая таварная біржа ў Расіі, створаная ў 2008 годзе па рашэнні прэзідэнта РФ. Спецыялізуецца на гандлі нафтай, нафтапрадуктамі, газам, лесаматэрыяламі і мінеральнымі ўгнаеннямі.
МАБ СНД - міжнародная некамерцыйная арганізацыя са штаб-кватэрай у Маскве. Аб'ядноўвае таварныя і валютна-фондавыя біржы з 10 краін. БУТБ з'яўляецца паўнапраўным членам МАБ СНД і ініцыятарам стварэння камітэта па таварных рынках пры гэтай арганізацыі.