22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайская кампанія Taomu (Suzhou) Information Technology ("Таому (Сучжоу) Інфармэйшн Тэкноладжы"), якая стала па выніках 2023 года буйнейшым замежным пакупніком піламатэрыялаў на Беларускай універсальнай таварнай біржы, плануе маштабаваць свой бізнес у Беларусі. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб нарошчванні імпарту пілапрадукцыі праз БУТБ, але і аб закупках іншых папулярных у Кітаі беларускіх тавараў. Аб гэтым заявіў заснавальнік і дырэктар Taomu (Suzhou) Information Technology Чэнь Дэга ў час сустрэчы з кіраўніцтвам БУТБ у Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.
"У мінулым годзе мы набылі на біржы звыш 142 тыс. кубаметраў піламатэрыялаў. Гэта амаль у 4 разы больш, чым на год раней. У бягучым годзе мы прадоўжым павялічваць аб’ёмы закупак, а таксама, магчыма, паспрабуем папрацаваць і па іншых таварных напрамках. У першую чаргу нас, вядома, цікавіць прадукцыя сельскай гаспадаркі, а менавіта сухое малако, рапсавы алей і цукар. Гэта значыць тое, што дакладна карыстаецца попытам на рынку Кітая. А праз біржу мы адразу атрымаем доступ да ўсіх беларускіх вытворцаў. Гэты момант асабліва важны для нас", - падкрэсліў кітайскі бізнесмен.
Старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі прапанаваў Taomu (Suzhou) Information Technology не абмяжоўвацца імпартам беларускай прадукцыі і разгледзець магчымасць паставак у Беларусь тавараў кітайскай вытворчасці, у тым ліку ў рамках імпартазамяшчэння. "Наша электронная платформа па гандлі прамысловымі і спажывецкімі таварамі можа стаць зручнай кропкай уваходу на беларускі рынак для кітайскіх экспарцёраў. Толькі за мінулы год пляцоўкай скарысталіся каля 3 тыс. прадпрыемстваў з Беларусі, заключыўшы больш за 39 тыс. здзелак з імпартазамяшчальнай прадукцыяй. Зыходзячы са структуры продажаў, найбольш запатрабавана прамысловае абсталяванне і інструмент, запчасткі і камплектуючыя, камп’ютарная тэхніка і электраапаратура. Усё гэта выпускаецца ў Кітаі і магло б рэалізоўвацца беларускім спажыўцам праз нашу гандлёвую платформу. Таму разлічваем на ваша садзейнічанне ў прыцягненні на таргі кітайскіх вытворцаў. Тым больш, што ў статусе біржавога брокера вы маеце поўнае права займацца такой дзейнасцю", - адзначыў Аляксандр Асмалоўскі.
З мэтай далейшага паглыблення супрацоўніцтва ў сферы біржавога гандлю бакі таксама дамовіліся прапрацаваць пытанне інтэграцыі пляцоўкі БУТБ і электроннага маркетплэйса Taomu (Suzhou) Information Technology, да якога падключаны ўжо банкаўскі і лагістычныя сэрвісы. Мяркуецца, што гэта дасць магчымасць акрэдытаваным на БУТБ беларускім экспарцёрам эфектыўней пашыраць сваю прадукцыю ў Кітаі, узаемадзейнічаючы з яе канечнымі спажыўцамі.