25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самы вялікі цэнтр тэхнічнай падтрымкі БЕЛАЗ (шосты па ліку ў Расіі) адкрыўся ў Бялоўскай гарадской акрузе Кемераўскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел міністр прамысловасці Кузбаса Леанід Старасвет, міністр прамысловасці Беларусі Пётр Пархомчык, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.
"У цэнтры сабраны ўсе кампетэнцыі ў галіне тэхнічнай падтрымкі, абслугоўвання і рамонту кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ, якія будуць рэалізоўвацца па дакументацыі, чарцяжах, распрацаваных беларускай кампаніяй, што ў канчатковым выніку гарантуе вельмі высокую якасць аднаўленчага, бягучага і гарантыйнага рамонту", - адзначыў у сваім выступленні Пётр Пархомчык.
Будаўніцтва цэнтра тэхнічнай падтрымкі, якое пачалося ў 2018 годзе, ажыццяўляў афіцыйны прадстаўнік БЕЛАЗ у рэгіёне - кампанія "БЕЛАЗ-24". Як расказалі ў прэс-службе, па сваіх памерах і аснашчэнні цэнтр стаў самым вялікім у сэрвіснай інфраструктуры БЕЛАЗа, акрамя таго, праект увайшоў у федэральную праграму па развіцці монагарадоў Расіі.
Цэнтр размясціўся на плошчы каля 15 тыс. кв.м і складаецца з трох карпусоў - адміністрацыйнага, лагістычнага і вытворчага для рамонту вузлоў і агрэгатаў кар'ерных самазвалаў. Інфраструктура прадумана да дробязей: напрыклад, пад'езд транспарту будзе арганізаваны па новай тэхналагічнай дарозе, дзякуючы чаму нагрузка на дарогі агульнага карыстання не павялічыцца.
Унікальнасць цэнтра ў тым, што ён аснашчаны поўным камплектам сучаснага спецыялізаванага абсталявання для правядзення капітальных і бягучых рамонтаў вузлоў і агрэгатаў беларускіх кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 30-450 т, рамонту гідраўлічных сістэм і электрапрывода. У лагістычным корпусе плошчай больш за 3 тыс. кв.м прадстаўлены шырокі асартымент арыгінальных запасных частак для БЕЛАЗаў і іншых камплектуючых заводаў-сумежнікаў. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца стварэнню аптымальных умоў захавання норм па тэмпературы, вільготнасці, вентыляцыі. "Галоўная задача - забяспечыць магчымасць для правядзення ў самыя кароткія тэрміны ўсіх відаў рамонту кар'ернай тэхнікі маркі і зрабіць працэс узаемадзеяння са спажыўцамі максімальна зручным", - падкрэслілі на прадпрыемстве.
Адміністрацыйны корпус плошчай звыш 4 тыс. кв.м уключае не толькі кабінеты інжынерна-тэхнічнага персаналу, хімічную лабараторыю і рабочыя зоны падраздзяленняў, але і ўсю неабходную для эфектыўнай дзейнасці інфраструктуру (сталовую, медыцынскі пункт, пункт аховы). На базе цэнтра размешчаны і навучальныя класы, дзе будуць праходзіць падрыхтоўка спецыялістаў, курсы павышэння кваліфікацыі для работнікаў галіны, практычныя заняткі для студэнтаў профільных навучальных устаноў рэгіёна.
"Новы цэнтр тэхнічнай падтрымкі БЕЛАЗ увойдзе ў лік самых буйных работадаўцаў і падаткаплацельшчыкаў горада Бялова. Яго запуск забяспечыць рабочыя месцы для 278 жыхароў рэгіёна, а аб'ём падатковых паступленняў да 2028 года павінен перасягнуць суму 750 млн расійскіх рублёў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, цэнтр зможа выйсці на праектную магутнасць ужо ў 2022 годзе", - адзначылі ў прэс-службе.
Зручнае геаграфічнае размяшчэнне цэнтра ўздоўж галоўнай транспартнай магістралі Кемераўскай вобласці, якая злучае два вялікія гарады Кузбаса - Кемерава і Навакузнецк, робіць яго максімальна даступным для арганізацый, якія выкарыстоўваюць кар'ерную тэхніку БЕЛАЗ. "Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю цэнтра тэхнічнай падтрымкі - важны этап у гісторыі шматгадовага партнёрства Кузбаса і Беларускага аўтамабільнага завода", - падкрэслілі на прадпрыемстве.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.