27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі будаўнічага комплексу Беларусі паставілі ў Азербайджанскую Рэспубліку прадукцыі на суму большую за $3,5 млн. Аб гэтым паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч на сустрэчы з дэлегацыяй Дзяржаўнага камітэта па горадабудаўніцтве і архітэктуры Азербайджана на чале са старшынёй Анарам Гуліевым, расказалі БЕЛТА ў прэс-службе Мінбудархітэктуры.
Бакі абмеркавалі магчымасці ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама вызначылі найбольш перспектыўныя напрамкі для рэалізацыі сумесных праектаў. "Высокі ўзровень узаемадзеяння Беларусі і Азербайджана, рэгулярныя кантакты прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама карпатлівая работа бізнес-супольнасці дазваляюць з аптымізмам глядзець у бок яшчэ большага ўмацавання ўзаемавыгадных адносін. Упэўнены, што гэты візіт паслужыць справе доўгатэрміновага супрацоўніцтва на карысць працвітання нашых народаў", - сказаў Руслан Пархамовіч, вітаючы замежных калег.
Міністр адзначыў, што па выніках першага квартала бягучага года ў адносінах паміж краінамі назіраецца істотная дадатная дынаміка. "Арганізацыі будаўнічага комплексу Беларусі паставілі ў Азербайджанскую Рэспубліку прадукцыі на суму большую за $3,5 млн, што складае 222,5 працэнта да аналагічнага перыяду 2020 года", - падкрэсліў Руслан Пархамовіч. Ён адзначыў, што адным з самых папулярных беларускіх тавараў, якія пастаўляюцца ў Азербайджан, з'яўляецца хрусталь. Попыт у мясцовага насельніцтва ёсць як на наборы для штодзённага прымянення, так і на эксклюзіўныя вырабы. Беларускі шклозавод "Нёман" улічвае патрэбнасці насельніцтва кожнай краіны, у якую пастаўляецца прадукцыя, у прыватнасці, спецыяльна для жыхароў Азербайджана вырабляюць від нацыянальных шклянак - армуду. Таксама акрамя вырабаў з хрусталю аснову экспарту арганізацый будгаліны Беларусі ў Азербайджан у студзені - сакавіку 2021 года склалі жалезабетонныя і металаканструкцыі, абсталяванне і запчасткі.
У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта па горадабудаўніцтве і архітэктуры Азербайджана Анар Гуліеў таксама выказаў упэўненасць у прадаўжэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва будаўнічых комплексаў дзвюх краін і рэалізацыі новых праектаў.
Як дадалі ў прэс-службе Мінбудархітэкутры, асноўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў развіцця схем комплекснай тэрытарыяльнай забудовы, генеральных планаў гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў сучаснага тыпу на тэрыторыі Азербайджана, а таксама ўзаемных паставак прадукцыі прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.
Візіт дэлегацыі Азербайджанскай Рэспублікі прадоўжыцца да 28 мая. У праграме значацца наведванні гарадоў і аграгарадкоў Беларусі для вывучэння беларускага вопыту ў частцы распрацоўкі горадабудаўнічай дакументацыі і развіцця малых гарадоў, а таксама распрацоўкі канцэпцыі і стварэння аграгарадкоў. Акрамя таго, плануецца дэманстрацыя тэхналогій індустрыяльнага панэльнага домабудавання і прэзентацыя айчыннага вопыту ў сферы інфармацыйнага мадэлявання ў праектаванні і будаўніцтве (BIM-тэхналогіі).