12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" завершана будаўніцтва першай чаргі гандлёва-лагістычнага субпарка. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Анатоль Калінін адзначыў, што дамоўленасці, звязаныя з будаўніцтвам "Вялікага каменя", выконваюцца з апярэджаннем тэрмінаў. "Аб'ект пабудаваны вельмі хутка: не прайшло і двух гадоў пасля таго, як мы з удзелам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў заклалі капсулу. На працягу года вяліся падрыхтоўча-праектныя работы, і, можна сказаць, за год была пабудавана першая чарга лагістычнага цэнтра", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Ён падкрэсліў, што ў бліжэйшы час пачнецца ўзвядзенне сацыяльных аб'ектаў і жылых дамоў з прыцягненнем у тым ліку тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. "Мы пачалі праектаванне пажарнага дэпо, якое да канца гэтага года будзе пабудавана. Будзе будавацца гандлёвы цэнтр", - сказаў Анатоль Калінін.
Першая чарга гандлёва-лагістычнага субпарка
займае тэрыторыю 29 га. Пабудавана 100 тыс. кв.м нерухомай маёмасці, у тым ліку 50 тыс. кв.м займаюць складскія памяшканні, 23 тыс. кв.м - выставачны цэнтр. У будаўніцтва субпарка інвесціравана каля $120 млн.У бліжэйшы час плануецца пачаць будаўніцтва другой чаргі. Усяго тэрыторыя субпарка зойме плошчу больш за 90 га, аб'ём інвестыцый - $500 млн.