16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума здзелак паміж суб'ектамі гаспадарання Расіі і Беларусі на Беларускай універсальнай таварнай біржы за першае паўгоддзе 2021 года склала $63 млн, што ў 1,8 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Найбольш запатрабаванымі беларускімі таварамі на расійскім рынку былі сметанковае масла, сухое малако і будаўнічыя матэрыялы. На гэту прадукцыю прыпадала каля 90 працэнтаў ад агульнага аб'ёму экспарту, які з пачатку года павялічыўся ў 3,7 раза і дасягнуў $30,4 млн. У імпарце тавараў з Расіі пераважаў чорны металапракат і вугаль. Удзельная вага гэтых пазіцый склала больш за 85 працэнтаў ($24,5 млн), пры гэтым агульная сума імпартных здзелак вырасла на 15 працэнтаў у параўнанні з першым паўгоддзем 2020 года.
"Адным з важнейшых фактараў, што станоўча паўплывалі на рост аб'ёмаў біржавога гандлю з Расіяй, стала актывізацыя работы з кампаніямі з рэгіёнаў. З пачатку года на біржавую пляцоўку прыйшлі 126 новых удзельнікаў. Пры гэтым найбольшы аб'ём здзелак па выніках паўгоддзя зафіксаваны з суб'ектамі гаспадарання Ленінградскай, Маскоўскай і Смаленскай абласцей. У грашовым выражэнні гэта $28,6 млн, $7,2 млн і $5,5 млн адпаведна. Лідарства Ленінградскай вобласці абумоўлена, з аднаго боку, значнымі аб'ёмамі закупак беларускага цэменту і малочнай прадукцыі, а з другога - пастаўкамі вугалю для патрэб беларускіх прадпрыемстваў. Асобнага згадвання заслугоўваюць Новасібірская і Іванаўская вобласці Расіі. Першая з'яўляецца буйнейшым пакупніком беларускага сухога малака, а другая - сметанковага масла", - адзначыў Раман Яніў.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.