15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь павялічыла пастаўкі сваёй сельгаспрадукцыі ва ўсе краіны, з якімі супрацоўнічае. Аб гэтым у час 28-й міжнароднай спецыялізаванай харчовай выстаўкі-кірмашу "Прадэкспа" заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, спаду аб'ёмаў вытворчасці і рынкаў збыту ў Беларусі не адбылося. Упэўнены, што мы перасягнём планку экспарту ў $8 млрд. Акрамя таго, абсалютна з усімі краінамі ў гэтым годзе ў нас павялічаны працэнты паставак. Так, у нас павялічаны пастаўкі ў Расію, краіны СНД, КНР, Еўрапейскі саюз, Азію, Акіянію, Афрыку і іншыя", - сказаў міністр.
Таксама ён адзначыў, што ў Беларусі шырокі асартымент тавараў: больш як 1,8 тыс. найменняў малочнай прадукцыі, больш за 1 тыс. - мясной, а таксама шырокі асартымент кандытарскай прадукцыі. "Нягледзячы на гэта, нашы тэхнолагі не спыняюцца на дасягнутым, і практычна штомесяц на паліцах беларускіх магазінаў з'яўляюцца ўсё новыя і новыя віды прадукцыі", - падкрэсліў Ігар Брыло.
Паводле яго слоў, Расійская Федэрацыя для Беларусі - стратэгічны партнёр. Тавараабарот паміж нашымі краінамі за 9 месяцаў перасягнуў $6 млрд. Нашы пастаўкі ў гэту краіну за бягучы год склалі $4 млрд. На выстаўцы прадстаўлены таксама стэнды В'етнама, Азербайджана, Інданезіі.
28-я міжнародная спецыялізаваная харчовая выстаўка-кірмаш "Прадэкспа" праходзіць у Мінску з 15 па 18 лістапада. У час выстаўкі працуюць 20 тэматычных стэндаў, дзе прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі - ад штодзённых прадуктаў і харчавання для здаровага ладу жыцця да вытанчаных далікатэсаў. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 100 экспанентаў, у тым ліку замежныя кампаніі. Так, найбольшую актыўнасць праявілі адразу некалькі рэгіёнаў Расіі: Астраханскі, Архангельскі, Пскоўскі, Разанскі, Стаўрапольскі і іншыя.