29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На сустрэчы пасла Беларусі ў Бразіліі Леаніда Крупца з дзелавымі коламі штата Парана бразільскі бок выказаў зацікаўленасць у развіцці турыстычнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Беларускі пасол, які завяршае сваю дыпламатычную місію, таксама сустрэўся з парламентарыямі штата Парана. Бакі абмеркавалі магчымасці арганізацыі візіту парламентарыяў гэтага штата ў Беларусь.
Леанід Крупец, акрамя таго, правёў перагаворы з кіраўніцтвам прадпрыемства Bellsmed па наладжванні супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці медыцынскіх імплантаў і перспектывах паставак беларускага шкловалакна і палімераў у Бразілію.
На сустрэчы з кіраўніцтвам кампаніі Cugnier абмяркоўваліся пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў для сельскагаспадарчага сектара штата. А ў час перагавораў з рэктарам Федэральнага інстытута Параны Адасірам Антоніу Заната ўзнімалася пытанне аб наладжванні супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дзвюх краін.