4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бразільскі бок выказвае інтарэс да стварэння сумесна з беларускімі прадпрыемствамі тэхналагічнага парка, зборачнай вытворчасці беларускай трактарнай тэхнікі, завода па змешванні ўгнаенняў. Аб гэтым ішла размова ў час рабочай паездкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Бразіліі Леаніда Крупца ў штат Парана, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У час паездкі пасол Беларусі сустрэўся з губернатарам штата Парана Бету Рыша. Бакі абмяняліся меркаваннямі аб стане і перспектывах развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, а таксама абмеркавалі пытанні ўстанаўлення рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж штатам Парана і Гродзенскай вобласцю.
Магчымасці актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах абмеркаваны на сустрэчах Леаніда Крупца з кіраўнікамі шэрага вядучых упраўленняў урада штата, Заканадаўчага сходу, кіраўніцтвам Асацыяцыі гандлю, Федэрацыі прамысловасці, Інстытута тэхналогій і прыродаахоўнай дзейнасці, Арганізацыі кааператываў, а таксама з прарэктарам Федэральнага ўніверсітэта і прадстаўнікамі дзелавых колаў. Бразільскі бок выказаў інтарэс таксама да супрацоўніцтва ў галіне навукі і адукацыі.
Для ўдзельнікаў сустрэч праведзены прэзентацыі эканамічнага, прамысловага і навуковага патэнцыялу Беларусі.