23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з'явіцца дарожная карта развіцця шэрынгавай эканомікі. Аб гэтым заявіла сёння намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Стварэнне ўмоў для яе пашырэння ў нашай краіне прадугледжана стратэгічнымі праграмнымі дакументамі: НСУР-2035, праграмай-2025, планам па развіцці зялёнай эканомікі да 2025 года і інш.
Як адзначыла Таццяна Бранцэвіч, адной з рацыянальных мадэлей цыркулярнай эканомікі з'яўляецца сумеснае спажыванне, або шэрынг. Ён прадугледжвае калектыўнае карыстанне таварамі або паслугамі без абавязковага валодання імі.
"Новы падыход атрымаў найбольшае распаўсюджванне ў такіх сферах, як транспарт, нерухомая маёмасць, спажывецкія тавары і прыватныя паслугі, машыны і абсталяванне, а таксама фінансавы. Гэта такія папулярныя бізнес-мадэлі, як каршэрынг, байкшэрынг, часовае размяшчэнне ў прыватных асоб, каворкінг, С2С-продажы, фрыланс, краўдфандынг і інш.", - расказала намеснік міністра.
Паводле яе слоў, сёння шэрынгавая эканоміка пранікае практычна ва ўсе сферы камерцыйнай дзейнасці. "Поспех такіх сэрвісаў тлумачыцца іх выгадай для ўсіх удзельнікаў эканамічных адносін. Уладальнікам актываў, якія дадаткова ўключаюцца ў эканамічны абарот, сумеснае спажыванне дае магчымасць атрымання даходу. Спажыўцам тавараў і паслуг шэрынг адкрывае больш эканомны доступ да матэрыяльных і нематэрыяльных даброт. Менавіта гэтым можна растлумачыць усё большую ўвагу вытворчых кампаній да сэрвіснай дзейнасці. Паколькі акрамя прыбытку яна забяспечвае ўстойлівасць бізнесу праз дыверсіфікацыю дзейнасці і павышае лаяльнасць спажыўцоў да брэнда прадпрыемства", - падкрэсліла Таццяна Бранцэвіч.
Акрамя таго, па сутнасці такія мадэлі часцей за ўсё ўяўляюць сабой інфармацыйныя сэрвісы. "Большасць кампаній, якія функцыянуюць у сферы эканомікі сумеснага спажывання, з фармальнага пункту гледжання ажыццяўляюць дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання. Інакш кажучы, ствараючы ўмовы для пашырэння шэрынгу ў краіне, мы дадаткова стымулюем развіццё IT-сектара ў цэлым", - растлумачыла сутнасць новай мадэлі намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.
Таццяна Бранцэвіч асабліва звярнула ўвагу на эканамічную эфектыўнасць шэрынгу. "Цяпер наш НДЭІ працуе над мэтазгоднасцю прыняцця рэгулятарных мер развіцця эканомікі сумеснага спажывання з улікам міжнароднага вопыту рэалізацыі. Напрыклад, за чатыры гады аб'ём шэрынгавай эканомікі ў Кітаі вырас амаль у два разы і па стане на 2021 год склаў $584 млрд. У Расіі з 2017 года сукупны аб'ём выручкі шэрынгавых кампаній вырас амаль у тры разы і па выніках 2020 года склаў каля $14 млрд. Як бачыце, прыбытковасць відавочная. Таму ў бліжэйшай перспектыве будзе падрыхтаваны план мерапрыемстваў па развіцці шэрынгавай эканомікі ў нас у краіне", - рэзюмавала намеснік міністра эканомікі.